10 жніўня спаўняецца два гады з часу гібелі пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага

10 жніўня спаўняецца два гады з часу гібелі пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Яго забойца, як лічыцца, баец аднаго з спецпадраздзяленняў, дагэтуль не пакараны.

34-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Тарайкоўскі ў жніўні 2020-га ўдзельнічаў у Мінску ў пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яго застрэлілі на другі дзень актыўнага супрацьстаяння сілавікоў і пратэстоўцаў каля станцыі метро "Пушкінская". Прэс-служба МУС адразу ж заявіла, што ў руках мужчыны быццам узарвалася выбуховае прыстасаванне. Аднак пасля з'явіліся шматлікія відэа, якія абверглі гэтыя словы. На іх бачна, што Аляксандр Тарайкоўскі з паднятымі рукамі, у якіх нічога не было, стаяў насупраць шэрагу сілавікоў. У яго стрэлілі і ён упаў. Здарылася гэта каля 23-й гадзіны 10 жніўня 2020 года.

Толькі ў лютым 2021 года тагачасны старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч прызнаў, што ў Тарайкоўскага стралялі сілавікі. Сёлета гэта прызнаў і Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што стралялі "амапаўцы". Аднак распаўсюджана версія, што стралялі байцы аднаго з спецпадраздзяленняў.

Яшчэ ў жніўні 2020-га каля станцыі метро "Пушкінская" ўтварыўся народны мемарыял Аляксандра Тарайкоўскага. Аднак улады яго знішчылі, а ўсіх, хто спрабаваў там ушанаваць памяць пратэстоўца, затрымлівалі. Былі нават прызначаны некалькі рэальных тэрмінаў зняволення тым, хто ўшаноўваў памяць забітага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.