Прайшоў месяц — крымінальнай справы няма: што мы ведаем пра смерць Тарайкоўскага

Акцыя памяці каля народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага / Reuters
Акцыя памяці каля народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага / Reuters

Аляксандр Тарайкоўскі — першы афіцыйна загінулы падчас жнівеньскіх пратэстаў у Беларусі. Адбылося гэта ўночы з 10 на 11 жніўня ў раёне станцыі метро "Пушкінская", на другі дзень актыўнага супрацьстаяння сілавікоў і пратэстоўцаў. Мы сабралі ўсё, што вядома пра Аляксандра Тарайкоўскага і яго смерць.

Хто такі Аляксандр Тарайкоўскі

Аляксандру Тарайкоўскаму было 34 гады. Індывідуальны прадпрымальнік, вырабляў аўтамабільныя шторкі, зрабіў сайт hober.by. Па словах сяброў, "не хацеў працаваць на дзяржаву, каб яна яго абкрадала". З жонкай жыў грамадзянскім шлюбам, выхоўваў трохгадовую дачку.

Падзеі, якія папярэднічалі смерці

"10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць, расказвае ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" Алена, жонка Аляксандра Тарайкоўскага. — Даведаўся, што там збіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў кватэру бацькоў, дзе яны рабілі рамонт, у тым раёне. Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт яго ў мяне.

Каля 22:30 Саша патэлефанаваў і сказаў, што ідзе дадому. З гэтага моманту мы не мелі ніякіх звестак, шукалі яго ў бальніцах і базах затрыманых".

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского
Развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім / Reuters

Афіцыйная версія МУС

У 23:43 10 жніўня ў афіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы МУС з'явіўся допіс пра тое, што "каля 23.00, у ходзе масавых беспарадкаў у Мінску на вул. Прытыцкага, [...] адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём".

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского

Апазнанне

Алена даведалася пра гібель мужа ад журналістаў увечары 12 жніўня. Ужо на наступны дзень яна патэлефанавала ў Следчы камітэт, дзе цела Аляксандра да таго часу лічылася неапазнаным.

На той момант было апублікавана некалькі відэа з "Пушкінскай", на якіх Алена змагла апазнаць свайго мужа.

Падчас апазнання жанчына звярнула ўвагу на тое, што рукі і ногі Аляксандра Тарайкоўскага цэлыя:

"Разам са следчым мы паехалі на апазнанне ў морг. Там я зразумела, што гэта Саша. На целе ў яго няма пашкоджанняў — толькі ў раёне грудзей стаіць яркі сіняк. Нам сказалі, што ў яго "адкрытая рана грудной клеткі", ён памёр ад страты крыві",расказвае Алена ў інтэрв'ю Onliner.

Мемарыял

У раёне станцыі метро "Пушкінская" з'явіўся народны мемарыял. Штодня людзі прыносяць кветкі і плакаты, каб ушанаваць памяць загінулага. 15 жніўня падчас развітання і пахавання Аляксандра Тарайкоўскага на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і праспекта Пушкіна прайшла масавая акцыя памяці. Мемарыял ужо пазначаны на "Яндэкс.Картах".

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского
Народны мемарыял памяці Аляксандра Тарайкоўскага / Reuters

Час смерці

Па метазвестках аднаго з дасланых нам відэа Еўрарадыё ўдалося ўстанавіць дакладны час стрэлу ў Аляксандра Тарайкоўскага — 10 жніўня, 22:35.

Да таго часу сілавікі ў зялёнай форме ўжо кантралявалі скрыжаванне вуліцы Прытыцкага і праспекта Пушкіна.

Выбуховая прылада

Па версіі МУС, у мужчыны выбухнула ў руцэ неўстаноўленая выбуховая прылада. Аднак ніякіх доказаў гэтаму пакуль што не было прадстаўлена. На ўсіх наяўных відэа, якія знялі відавочцы, у руках у Аляксандра Тарайкоўскага нічога няма, нічога не выбухае, ён не робіць рухаў, якія можна было б інтэрпрэтаваць як кідок чагосьці ў бок сілавікоў.

Першы стрэл

Першае відэа, на якім відаць, як у бок Тарайкоўскага страляюць з шэрагу сілавікоў, было апублікавана яшчэ ўночы на 10 жніўня. Яно з'явілася ў 23:35 у тэлеграм-каналах, аднак прайшло незаўважаным у лавіне інфармацыі пра пратэсты.

11 жніўня апублікаваны ролік, зняты з акна шматпавярховіка. Відаць, як бяззбройны чалавек стаіць на пустой вуліцы Прытыцкага перад шэрагам сілавікоў. Далей — успышка стрэлу.

Другі ролік 15 жніўня даслалі ў рэдакцыю Еўрарадыё відавочцы здарэння, якія знаходзіліся недалёка ад месца гібелі.

На відэа Тарайкоўскі ідзе ў бок сілавікоў з паднятымі рукамі. У яго нічога няма ў руках. Ён нічога не кідае ў іх бок. Успышка стрэлу. Тарайкоўскі спыняецца і апускае рукі. Праз некалькі секундаў ён упадзе. Нічога не выбухае.

Яшчэ адно відэа 15 жніўня публікуе Associated Press. На яго не трапіў момант стрэлу. Яно знята з боку сілавікоў, відаць толькі іх спіны. Затое відаць мужчына ў белай майцы з крывавай плямай на грудзях, які падае на зямлю. Дэталі наваколля і ландшафту пацвярджаюць, што гэта ўсё адбываецца на скрыжаванні Пушкіна і Прытыцкага.

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского

Другі стрэл

Яшчэ адно відэа даслалі ў рэдакцыю Еўрарадыё 3 верасня. Яно знята з боку кінатэатра "Аўрора" і з больш блізкай адлегласці, чым іншыя. Як і на відэа, якія публікаваліся раней, тут відаць, што ў Тарайкоўскага ў руках нічога няма.

На відэа ёсць і другі стрэл. Складана сказаць, ці зроблены ён у бок Аляксандра Тарайкоўскага або ў бок дэманстрантаў, якія знаходзіліся далей па вуліцы Прытыцкага. Страляе сілавік, які стаіць злева ад мужчыны. Пасля гэтага стрэлу Тарайкоўскі, на майцы якога ўжо відаць вялікая пляма крыві, падае.

У нашым роліку момант паўтараецца двойчы. Першы раз так, як гэта было знята. Другі — з павелічэннем і запаволеннем.

Судзімасць

На наступны дзень пасля смерці Аляксандра Тарайкоўскага, 11 жніўня, у дзяржаўных СМІ з'явілася інфармацыя пра тое, што "загінулы падчас незаконных акцый у Мінску на вуліцы Прытыцкага 10 жніўня раней адбываў тэрмін за забойства чалавека". Пра гэта напісала інфармагенцтва БЕЛТА, АНТ і АТН (Агенцтва тэлевізійных навін, падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі. — Еўрарадыё).

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского

Нагадаем, да таго моманту цела Тарайкоўскага яшчэ не было апазнана сваякамі. Ягоная жонка звярнулася ў Следчы камітэт 13 жніўня. Там ёй сказалі, што цела да гэтага часу не апазнана. Але калі ўжо 11 жніўня сілавікі перадалі журналістам дзяржаўных СМІ інфармацыю пра яго судзімасць, значыць, і яго асоба была ўстаноўлена. Чаму ж тады не звязваліся са сваякамі?

"У яго ёсць бацька, сястра. Чаму ім не паведамілі? У яго тэлефон быў, можна ж было ў тэлефоне паглядзець нумары, камусьці патэлефанаваць", — здзіўляецца Алена.

Што да судзімасці, то Аляксандр Тарайкоўскі быў асуджаны на сем гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці. Па словах жонкі, ён заступіўся за маці: "Яе збіў сужыцель, а ён заступіўся. Адседзеў увесь тэрмін, і неўзабаве судзімасць павінны былі з яго зняць".

Тлумачэнне міністра ўнутраных спраў

16 жніўня, адказваючы на пытанні журналістаў пра гібель удзельніка пратэсту, міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што міліцыя не ўжывала лятальнай зброі супраць пратэстоўцаў:

"Так, ён [удзельнік акцыі] памёр, — сказаў Караеў. — Колькі людзей памерла на беспарадках у Амерыцы? Але мы не ўжывалі агнястрэльнай зброі, а толькі тую, якая з'яўляецца нелятальнай".

Спецназаўцы і зброя

У паведамленні МУС згадваецца нейкі "спецназ". Conflict Intelligence Team — каманда, якая займаецца расследаваннем ваенных канфліктаў, — змагла апазнаць сярод сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў разгоне пратэстоўцаў на "Пушкінскай", — спецназ КДБ "Альфа" і спецназ МУС "Алмаз".

Іх форма адрозніваецца ад адзення іншых сілавікоў. Таксама яны па-іншаму экіпіраваныя і ўзброеныя: драбавікамі Benelli M4, гранатамётамі ГМ-94, рознымі мадыфікацыямі аўтамата Калашнікава.

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского

Нямецкае прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі Greenpeace 28 жніўня заявіла, што спецыяльныя падраздзяленні, якія ўдзельнічаюць у жорсткіх задушэннях пратэстаў у Беларусі, выкарыстоўваюць зброю, вырабленую ў Германіі. Гаворка ідзе пра пісталеты-кулямёты MP5 вытворцы Heckler & Koch, а таксама пісталеты тыпу P226 ад Sig Sauer.

Форма сілавікоў

Форма сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў разгоне на "Пушкінскай", падобная да абмундзіравання байцоў "Альфы", якія затрымлівалі пад Мінскам наймітаў з "ПВК Вагнера". Відэа затрымання было апублікаванае за 12 дзён да гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского

Разам з байцамі "Альфы" на скрыжаванні маглі прысутнічаць і спецназаўцы з "Алмаза": на спінах некаторых байцоў, якія былі заўважаны ў раёне "Пушкінскай" уночы з 10 на 11 жніўня, відаць надпіс МУС.

Прошёл месяц — уголовного дела нет: всё, что мы знаем о смерти Тарайковского

Праверка і крымінальная справа

У Следчым камітэце Еўрарадыё расказалі, што з 11 жніўня па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага праводзіцца праверка. Яна можа працягвацца да трох месяцаў. Па стане на 11 верасня праверка працягваецца.

Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці мужчыны прызначана судова-медыцынская экспертыза, яе будуць праводзіць спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

Вынікам праверкі можа стаць як завядзенне крымінальнай справы, так і адмова ў яе завядзенні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Падтрымаць незалежную журналістыку можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі