1 сакавіка Мінгарсуд разгледзіць касацыйную скаргу збітага журналіста tut.by

1 сакавіка Мінгарсуд разгледзіць касацыйную скаргу збітага журналіста tut.by

1 сакавіка Мінскі гарадскі суд разгледзіць касацыйную скаргу журналіста партала tut.by Паўла Дабравольскага. Слуханні пачнуцца а 15-й гадзіне па адрасе: вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3.

У каментары прэс-службе БАЖ Дабравольскі распавёў, што просіць адмяніць прысуд першай інстанцыі. Ён спасылаецца на тое, што суд адмовіўся слухаць сведак з яго боку. Акрамя таго, у судовай пастанове шмат нестыковак, кажа журналіст, некаторыя сказы проста супярэчаць іншым. Разам з тым Дабравольскі кажа, што гатовы да любога рашэння суда.

Як паведамлялася раней, каля месяца таму журналіста затрымалі ў будынку суда Фрунзенскага раёна, збілі, а потым аштрафавалі, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні міліцыі і дробным хуліганстве.

МУС адразу назвала дзеянні міліцыянтаў законнымі. Падтрымала іх і міністр інфармацыі Лілія Ананіч, такое ж меркаванне выказаў і міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.

Між тым, звяртае ўвагу прэс-служба БАЖ, Следчы камітэт дагэтуль не азнаёміў журналіста з вынікамі праверкі, прызначанай па факце збіцця міліцыянтамі. Па словах Дабравольскага, следчыя нават не вярнулі яму мабільнік з запісам інцыдэнту, які прасілі на адзін дзень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі