Баец украінскай тэрытарыяльнай абароны Сяргей Панасюк быў паранены, калі вайскоўцы пабачылі невядомых асоб на мяжы з Беларуссю. Пра гэта даведалася hromadske ад Дзяржаўнага бюро расследаванняў (ДБР).
Інцыдэнт адбыўся 25 лютага каля дзвюх гадзін ночы каля вёскі Тур Ковельскага раёна Валынскай вобласці, гаворыцца ў адказе на журналісцкі запыт. "Вайскоўцы па камандзе камандзіра адкрылі агонь на паражэнне пасля паведамлення аб з'яўленні невядомых асоб каля лініі мяжы Украіны з Беларуссю", — паведаміў дырэктар тэрытарыяльнага ўпраўлення ДБР у Львове Руслан Ляшко.
У выніку вайсковец быў паранены і падчас транспарціроўкі памёр.
У ДБР ужо дапыталі ўсіх сведкаў, але расследаванне працягваецца. Прызначаныя экспертызы, каб выявіць абставіны здарэння.
Іншыя дэталі ў ДБР не паведамляюць, спасылаючыся на таямніцу дасудовага расследавання.
Як распавядала Еўрарадыё, напрыканцы лютага стала вядома пра гібель байца ўкраінскай тэрабароны на мяжы з Беларуссю. Неафіцыйна паведамлялася, быццам 33-гадовы Сяргей Панасюк загінуў ад агнястрэльнага ранення ў выніку перастрэлкі.
У Памежным камітэце Беларусі заявілі, нібыта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, памежныя нарады агонь не адкрывалі. У Нацпаліцыі Валынскай вобласці сказалі, што стрэлы былі не з боку Беларусі.
Аднак сваякі загінулага ў версію ўладаў і вайскоўцаў не вераць.