З'явілася відэа, як міліцыянт распыляе газ, ад якога пацярпела дзіця

З'явілася відэа, як міліцыянт распыляе газ, ад якога пацярпела дзіця

У інтэрнэце з'явілася відэа здарэння ў мінскім раёне Лебядзіны: там міліцыянт распыліў газ на людзей і давялося выклікаць хуткую на дапамогу пяцігадовай дзяўчынцы. 

Як распавядала Еўрарадыё, інцыдэнт адбыўся ўвечары 28 верасня. Жыхары Лебядзінага зладзілі традыцыйную дваровую дыскатэку, а потым сталі ў ланцуг салідарнасці. Разганяць іх прыехалі людзі ў грамадзянскай вопратцы, у бронекамізэльках і з дубінкамі. Яны затрымалі некалькіх чалавек. Таксама людзей затрымлівалі сілавікі ў аліўкавай форме.

Калі відавочцы падыўшлі да машыны, каб даведацца, што за падраздзяленне затрымлівала жыхароў, адзін з міліцыянтаў распыліў газ з пярцовага балончыка (у відэароліку — на адзнацы 1:19).

У каментары TUT.by Аляксандра — мама пацярпелай пяцігадовай дзяўчынкі распавяла: "Міліцыянты былі на двух міліцэйскіх "уазіках". Паміж двума іх аўтамабілямі была мама з дзіцем у калясцы. Кіроўца машыны, якая стаяла ззаду, пачаў ехаць наперад — верагодна, не ўбачыў, што стаіць вазочак. Людзі раззлаваліся, сталі крычаць: "Куды едзеш?". У гэты момант міліцыянт адчыніў акно і распыліў у паветра пярцовы газ. Тыя, хто стаяў побач, не пацярпелі. Маё дзіця было з сабакам на зялёнай зоне, метрах у дзесяці, нават больш, ад машыны. Падобна, газ туды прынесла ветрам. Дачка пачала крычаць: "Шчыпле ў вочы, балюча!"

Пакуль прыехала хуткая, дзіцяці ўжо стала лепш. Дапамога медыкаў дзяўчынцы не спатрэбілася — яе адпусцілі дадому. Аднак параілі пры пагаршэнні стану звяртацца да афтальмолага. 

Мясцовая жыхарка Дар'я распавяла журналістам, што яе з мамай і яшчэ адной жанчынай затрымалі, калі яны нават не паспелі дайсці да ланцуга салідарнасці. Затрымалі і яшчэ трох мужчын. "Яшчэ аднаго мужчыну затрымлівалі, але ён аказаўся нецвярозым — яму проста выпісалі штраф і адпусцілі на месцы", — кажа мінчанка.

У Фрунзенскім РУУС маме Дар'і стала дрэнна, і праз нейкі час іх абедзвюх адпусцілі. Астатніх перавезлі спярша ў Цэнтральнае РУУС, а потым на Акрэсціна. Сёння іх павінны судзіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі