Вы тут

Зянон Пазняк: "Трэба зразумець і ўсвядоміць: рэвалюцыя пацярпела паражэнне"

Зянон Пазняк / reform.by

Беларуская рэвалюцыя 2020-га года пацярпела паразу. Такую ацэнку выказаў Зянон Пазняк у інтэрв'ю для сайта reform.by.

Зыходзячы з гэтага, Пазняк прапануе адмяніць заходнія эканамічныя санкцыі. Ён лічыць, што яны пагражаюць найперш беларускім інтарэсам, бо мацней прывязваюць Беларусь да Расіі.

"Трэба ясна прызнаць, што назад ужо мала што вернецца і не адразу. Нават калі адменяцца санкцыі, таго, што было ў 2016-м, 2018-м, усіх гэтых грамадскіх арганізацый, такой прасторы для дзейнасці адразу не адновіш. Так, адмова ад санкцый — гэта адступленне. Але гэта трэба рабіць. Трэба зразумець і ўсвядоміць: рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Ідзе наступ рэакцыі. Гэта трэба прызнаць, трэба ратаваць народ і ратаваць новую рэвалюцыю, трэба захаваць тыя сілы, што яшчэ засталіся. Трэба адпаўзці з мінімальнымі стратамі. Гэтага можна дасягнуць, ціснучы на слабасці рэжыма. А галоўная яго слабасць — залежнасць ад Пуціна. Трэба рэальна глядзець на рэчы, а не крычаць: "Ура, рэжым вось-вось упадзе", — заяўляе Пазняк.

Палітык падкрэслівае, што ў цяперашняй сітуацыі адмова ад санкцыяў — гэта "перамога пры паражэнні, а не капітуляцыя перад рэжымам".

Разам з тым, Пазняк заяўляе, што "нават у асяроддзі найбліжэйшай наменклатуры Лукашэнкі большая частка яго не падтрымлівае". Палітык прагназуе, што беларускі рэжым неўзабаве можа абваліцца.

"Канец рэжыму Лукашэнкі — пытанне часу. Па маіх адчуваннях, гэта можа быць хутка. Можна сказаць і больш дакладна, але пакуль што тут ураўненне з трыма невядомымі. Напачатку яго трэба рашыць. І найлепш на практыцы", — канстатуе Пазняк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.