Зяленскі: трэба накіраваць на мяжу з Беларуссю місію міжнародных наглядальнікаў

Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official
Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official

Уладзімір Зяленскі прапанаваў размясціць на мяжы Украіны з Беларуссю місію міжнародных наглядальнікаў. Ён папрасіў у G7 падтрымаць гэтую ініцыятыву. Заява ўкраінскага прэзідэнта прагучала 11 кастрычніка падчас яго выступу на анлайн-саміце лідараў G7, якія разглядалі сітуацыю ва Украіне.

Зяленскі: "Мір мажлівы не проста тады, калі ёсць мір з адным суседам, а калі ён з усімі суседзямі. Я хачу звярнуць увагу на адну краіну. Тэрыторыя Беларусі ўжо выкарыстоўваецца для ўдараў па Украіне. Зараз бачым павелічэнне пагрозы. Расія намагаецца наўпрост уцягнуць Беларусь у гэтую вайну. Нібыта мы рыхтуем удар па гэтай краіне. Ускосна яна ўжо ўцягнула іх у вайну, а прагне ўцягнуць непасрэдна. Украіна не планавала і не плануе вайсковых дзеянняў супраць Беларусі. Нас цікавіць толькі аднаўленне нашай тэрытарыяльнай цэласнасці. Але, каб цалкам зняць гэтую правакацыю, каб зняць тыя наратывы, што гучаць ад Лукашэнкі, каб зняць нават дапушчэнні якой-небудзь пагрозы нібыта ад нас, мы прапануем сваё рашэнне. На мяжы Украіны і Беларусі можа быць размешчана місія міжнародных наглядальнікаў для маніторынгу сітуацыі з бяспекай. Фармат можа быць апрацаваны нашымі дыпламатамі. Я прашу вас на ўзроўні Групы сямі падтрымаць гэтую нашу ініцыятыву".

У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Італія, Францыя, ЗША, Канада і Японія. У самітах аб'яднання ўдзельнічаюць і прадстаўнікі Еўрасаюза. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі