Зяленскі сядзе за стол перамоў, калі Расія вернецца да межаў 24 лютага

Уладзімір Зяленскі / тэлеграм-канал прэзідэнта Украіны
Уладзімір Зяленскі / тэлеграм-канал прэзідэнта Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю нідэрландскаму тэлеканалу Nos.nl заяўляе, што для спынення вайны яму досыць сесці за стол перамоў з адным чалавекам. Ён мае на ўвазе Уладзіміра Пуціна.

“Няма іншых людзей, з якімі вы можаце дамовіцца. Усе гэтыя людзі — нішто — ён вырашае ўсе”.

Зяленскі хацеў бы правесці перамовы як мага хутчэй. Але лічыць іх немагчымымі, пакуль Украіна не верне тэрыторыі, якая была падкантрольная ёй да 24 лютага, калі адбылося ўварванне.

Гэта не значыць, што Украіна пагодзіцца аддаць Расіі Крым і Данбас. Ён прызнае, што кожны ўкраінец хоча, каб гэтыя тэрыторыі вярнуліся ў склад Украіны. Але пра іх вяртанне ён гатоў размаўляць мовай дыпламатыі.

“Я думаю, мы павінны вярнуцца да 24-га студзеня, калі пачалося ўварванне. І пасля гэтага мы можам казаць пра абарону нашай тэрыторыі шляхам дыпламатыі”, — сказаў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі ўпэўнены, што яго краіна выйграе вайну з Расіяй. Але “мы хочам ваяваць да апошняга дыхання, але не да апошняга чалавека”.

“Я не думаю, што вайсковым шляхам мы можам вярнуць усе нашы тэрыторыі. Калі мы вырашым ісці такім шляхам, мы страцім сотні тысяч людзей. Тое, што цяпер робіць Расія: яна губляе дзясяткі тысяч людзей”, — кажа Зяленскі.

Зяленскі лічыць. што расійцам абыякавае, колькі людзей яны страцяць. А для яго "перамога без людзей вакол” — гэта не перамога".

Зяленскі лічыць, што вайна ўжо цяпер ідзе даўжэй, чым планаваў расійскі прэзідэнт, з-за бязлітаснага супраціву ўкраінскага войска. Ён падкрасляе, што ўкраінцы вельмі матываваны.

“Я не думаю, што Пуцін разумее, што людзі, якія жывуць тут, не хочуць быць часткай Расіі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі