Звольнілі бабруйскую настаўніцу, якая прыйшла ў школу з жоўта-сіняй стужкай

Бабруйская школа №27 не працягнула кантракт з настаўніцай вышэйшай катэгорыі Ларысай Секержыцкай

На пачатку сакавіка жанчына прыйшла ў школу з жоўтай і сіняй стужкай у валасах, за што дырэктарка выклікала на яе міліцыю. На Секержыцкую склалі пратакол, і суд аштрафаваў яе за "несанкцыянаванае пікетаванне". 

"Настаўніцы вышэйшай катэгорыі, 17 год стажу, не працягнулі кантракт, спасылаючыся на тое, што прыйшлі дакументы з пастановай суда па маёй адміністрацыйнай справе  (жоўта-блакітныя стужкі ў валасах). Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо па закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымоўваць сям'ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік — я шукаю працу", — напісала Секержыцкая ў сацсетках. 

Цяпер яна прапаноўвае праводзіць заняткі па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і грамадазнаўстве. "Заняткі магу праводзіць анлайн на беларускай і рускай мовах, дапамагу падцягнуць веды, больш грунтоўна падрыхтавацца да экзамену, ЦТ", — дадае настаўніца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.