Звольніць Франака Вячорку: ці варта Святлане Ціханоўскай замяніць каманду?

Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская / тг канал Святланы Ціханоўскай
Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская / тг канал Святланы Ціханоўскай

Скандалы вакол Франака Вячоркі прывялі да таго, што частка прадстаўнікоў дэмсілаў патрабуюць яго адстаўкі з каманды Святланы Ціханоўскай. Сярод іх і прадстаўнік руху "Супраціў" Дзмітрый Шчыгельскі, і палітолаг Павел Усаў, які наогул не супраць замяніць Вячорку на пасадзе дарадцы.

Ці варта лідару беларускай апазіцыі прыслухоўвацца да такіх патрабаванняў? На гэтае пытанне ў эфіры Еўрарадыё адказвае мастацкі кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін:

— А дзе вось гэтыя людзі? Яны заўсёды павінны дзесьці сябе праявіць. Я павінен дзесьці ўбачыць, каб пагадзіцца і сказаць: “Так, Вусаў павінен усю гэтую каманду прывесці да нейкай улады. Але чаму Вусаў? А чаму не Пазьняк? Чаму не "Хартыя"? Чаму той ці іншы чалавек?

Як казаў мой сябар, калі мы садзіліся заключаць кантракты, "бюджэты на стол". І "бюджэты" — гэта неабавязкова было пра грошы: у каго што, якія актывы, якія паслужныя спісы, які набор ганаровых грамат ЦК КПСС. Вось ты павінен выкласці на стол, а я павінен зразумець: "Безумоўна, гэта ты — той самы, хто павінен сфармаваць нейкі ўрад".

Па словах Халезіна, усе гэтыя крытыкі ў якасці альтэрнатывы павінны паказаць сваю праграму:

Я павінен зразумець, куды ты пойдзеш. А раптам ты пойдзеш наогул не ў той бок: у бок стварэння хунты альбо ў бок стварэння нейкай таемнай службы. Я ж не ведаю. Я магу толькі верыць эфірам, але ў цэлым мне неяк хочацца бачыць прадукты працы.

Ціханоўская нядаўна назвала сябе абраным прэзідэнтам. Гэта нешта мяняе?

— Мне зразумелая паслядоўнасць, які адбывалася. Калі прайшлі выбары, Святлана была вымушана з'ехаць у Літву. А выбары былі прызнаныя сфальсіфікаванымі. Яна не магла назваць сябе прэзідэнтам проста таму, што выбары былі сфальсіфікаваныя, а яна прытрымлівалася пэўнага курса законапаслухмянага грамадзяніна. Тады было прынята рашэнне назваць сябе лідэрам дэмакратычных сіл. Гэта адбылося. Яна вяла сваю актыўную працу. Далей: сабралася група, якая дапамагала ёй. Усё стала пашырацца. Наогул усё ішло лагічна, але вось гэтага моманту легітымацыі не было. Сам офіс казаў, што чаму мы раптам павінны так называць?

Але на сённяшні дзень, калі створаны Кабінет, калі ўсё гэта пераўтварылася ў нейкую структуру, якая ў стане функцыянаваць. Гэта значыць, я думаю, што яшчэ нейкі час — там два-тры месяцы  — і яны змогуць досыць сур'ёзна заявіць пра нейкія прарыўныя рэчы.

Але цяпер ужо можна неяк зафіксаваць гэтую сітуацыю, і таму, я думаю, паўстала рашэнне выкарыстоўваць тэрмін "абраны прэзідэнт". Хоць ён быў апрыёры яе. Проста наша беларуская прыродная сціпласць не дазволіла. Хтосьці з гэтым статусам згодны, хтосьці нязгодны, але ў нас няма іншага пакуль абранага прэзідэнта, таму я згодны з ім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі