Звольненыя ў Бабруйску рабочыя будуць працягваць галадоўку

У Бабруйску каля гарвыканкама галадаюць звольненыя з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў чацвёра сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага — Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка. Мікалай Жыбуль, просты станочнік, расказвае Еўрарадыё, на што спадзяваліся рабочыя і як паводзіліся чыноўнікі.

Мікалай Жыбуль: З выканкама нас выдалілі. Мы знаходзімся побач з выканкамам. Пакуль працягваем тут галадаць.

Еўрарадыё: Ці доўга вам там атрымалася пабыць?

Мікалай Жыбуль
: Першы раз — дзесьці паўтары гадзіны. Падпалкоўнік прыйшоў, нас за рукавы пачаў цягаць. А другі раз — не больш за 15 хвілін. Прыйшлі ўжо іншыя — маёр і чыноўнікі. Яны прыгразілі нам, што акцыя незаконная, раз ёсць аб'ява ў СМІ.

Еўрарадыё: А чаго патрабуеце?

Мікалай Жыбуль
: Мы хочам працаваць. Каб нас аднавілі. Лічым, што нас незаслужана звольнілі і не па-людску з намі абышліся. За сяброўства ў Свабодным прафсаюзе нас выкінулі на вуліцу.

Еўрарадыё: А як гэта было?

Мікалай Жыбуль
: У нас на заводзе быў афіцыйны прафсаюз і наш. Дырэктар пачаў барацьбу з намі. Пад рознымі падставамі нас звольнілі. У маім выпадку — заканчэнне кантракту. Хоць я прапрацаваў 30 гадоў без заўваг. Надышоў час, сказалі: да пабачэння, мы ў вас не маем патрэбы. І з астатнімі прыкладна гэтак жа, нягледзячы на тое, што заслужаныя людзі, добрыя спецыялісты. Ім непатрэбныя свабодныя прафсаюзы, мы заміналі ім жыць, прымушалі гуляць па правілах, а ім гэта не трэба.

Еўрарадыё: У гарвыканкаме што сказалі, акрамя таго, каб вы сышлі?

Мікалай Жыбуль
: Без міліцыі яны з намі не размаўлялі. Быццам нас няма. А потым паставілі пытанне, што нам там знаходзіцца нельга, несанкцыянаваная акцыя пратэсту.

Еўрарадыё: А дзе вы галадалі?

Мікалай Жыбуль
: Першы раз на пятым паверсе ў фае. Да нас прыглядаліся, напэўна, не ведалі, што з намі рабіць. Потым з'явіўся гэты міліцыянт нібыта выпадкова. Пачаў пагражаць і за рукі выцягваць на двор. Кажа: "Хочаце працаваць? Завяду вас у цэнтр занятасці, там работы шмат". Другі ўжо патлумачыў, што калі пра акцыю прайшло паведамленне ў СМІ, то яна несанкцыянаваная. Калі вы не прыберацеся, то выклічу нарад і вас адвязуць у КПЗ ці як яна называецца.

Еўрарадыё: Супрацоўнікам вы патрабаванні выказалі, калі прыйшлі?

Мікалай Жыбуль
: Выказалі, але яны сказалі, што нам спачатку ў суд падаваць. А потым ужо акцыю праводзіць.

Еўрарадыё: А чаго не падалі ў суд?

Мікалай Жыбуль
: Год таму нас пазбавілі прэмій, і было 9 судовых пасяджэнняў! Мы ведаем усе гэтыя працэдуры. Гэта вельмі цяжка. Гэта яны нас спецыяльна накіроўваюць у суд. А фармальна яны нічога не парушылі па законе. У мяне тэрмін кантракту скончыўся, яны не сталі заключаць са мной новы, нягледзячы на тое, што я прапрацаваў 30 гадоў.

Еўрарадыё: Ці доўга будзеце галадаць?

Мікалай Жыбуль
: Сёння пасядзім і заўтра. А там будзем глядзець на рэакцыю. У будынак ужо не будзем спрабаваць трапіць.

Еўрарадыё: На што разлічвалі?

Мікалай Жыбуль
: Ну, мы першапачаткова па сваёй наіўнасці разлічвалі, што да нас выйдуць, пагутараць і хоць бы выслухаюць. А яны ўсе гуляюць у адной камандзе без правілаў, усіх прэсуюць і ўсё. А мы бадаемся, як аб сцяну б’емся. Мы думалі, будзе як дрэнны і добры паліцэйскі, што дырэктар у нас дрэнны, а тут добры будзе, а аказаліся абодва дрэнныя.

Рабочыя заявілі аб пачатку акцыі 5 лістапада ў 10 гадзін раніцы ў будынку Бабруйскага гарвыканкама. На галадоўку прафсаюзнікі наважыліся пасля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога звярталіся з адкрытым лістом. У ім яны прасілі кіраўніка дзяржавы разабрацца з незаконнымі, як яны лічаць, звальненнямі сябраў СПБ.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі