Вы тут

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць Беларусі

Кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс  / Reuters

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць Мінску ў сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі з ЕС. Абмежаванні распрацоўваюць у "цеснай каардынацыі" з Еўрапейскім Саюзам. Пра гэта паведаміў у панядзелак на брыфінгу кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента Нед Прайс, паведамляе ТАСС.

"Мы працягнем прыцягваць да адказнасці [беларускія ўлады] за няспынныя атакі на дэмакратыю, за парушэнні правоў чалавека і міжнародных нормаў", — сказаў ён.

У Вашынгтоне занепакоеныя дзеяннямі Мінска і асуджаюць выкарыстанне людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Прайс зноў агучыў заклік да беларускіх уладаў неадкладна спыніць кампанію па арганізацыі міграцыйных патокаў у Еўропу. У Вашынгтоне мяркуюць, што рэжым у Мінску сваімі дзеяннямі падрывае бяспеку і стабільнасць не толькі суседніх еўрапейскіх краін, але і ўсяго кантынента.

Напярэдадні Савет ЕС на ўзроўні кіраўнікоў МЗС узгадніў пяты пакет санкцый супраць Беларусі. Абмежаванні будуць уведзены ў дзеянне ў бліжэйшыя дні. Яны закрануць як прыватных асоб, так і кампаніі. Ужо стала вядома, што санкцыі прывядуць да разрыву лізінгавых кантрактаў з "Белавія". Беларусі давядзецца альбо вярнуць самалёты, альбо яе чакае суд.

Рашэнне аб пятым пакеце санкцый ЕС было прынята на фоне абвастрэння міграцыйнага крызісу. На мінулым тыдні некалькі тысяч мігрантаў прыйшлі на беларуска-польскую мяжу і сталі патрабаваць прапусціць іх праз Польшчу ў Герамнію. Напярэдадні гэтыя людзі занялі памежны пераход "Брузгі". Там у намётах яны і правялі ноч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.