ЗША планавалі скінуць ядзерныя бомбы на Оршу і Мінск падчас халоднай вайны

ЗША планавалі скінуць ядзерныя бомбы на Оршу і Мінск падчас халоднай вайны

Нацыянальнае ўпраўленне архіваў і дакументацыі ЗША рассакрэціла 2 спісы цэляў, па якіх у выпадку вайны мусілі наносіцца ядзерныя ўдары. Яны былі складзеныя ў 1956 годзе камандаваннем амерыканскай стратэгічнай авіяцыі.

Першы спіс утрымлівае інфармацыю пра 1100 аэрадромаў СССР і яго саюзнікаў. Кожнаму аб’екту ў ім надаваўся прыярытэтны нумар — чарга, паводле якой мусяць наносіцца ядзерныя ўдары. Найвышэйшы прыярытэт мелі аэрадромы ў Быхаве (Украіна) і Оршы (Беларусь) — №1 і №2 адпаведна. Прычынай гэтаму было знаходжанне там бамбардзіроўшчыкаў ТУ-16 “Барсук”, якія на той час былі найбольш небяспечнымі для саюзнікаў NATO ў Заходняй Еўропе.

Таксама у спіс трапілі вайсковыя аэрадромы ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах і Прыбытках (пад Гомелем). Але гэтыя цэлі былі актуальнымі да часоў стварэння сістэмы міжкантынентальных балістычных ракетаў.

ЗША планавалі скінуць ядзерныя бомбы на Оршу і Мінск падчас халоднай вайны
Тытульная старонка дакумента са спісам цэляў для ядзерных бамбардзіровак. Фота: nsarchive.gwu.edu

У другім спісе пералічваюцца цэлі, якія падлягаюць “сістэматычнаму знішчэнню” на тэрыторыі сацыялістычнага блока. Сярод іх — прамысловыя прадпрыемствы, транспартныя вузлы і проста “насельніцтва”.

Галоўнымі мэтамі бамбардзіровак былі буйныя гарады сацыялістычных краінаў. У прыватнасці, пералічаныя 179 цэляў у Маскве, у Ленінградзе — 145 і 91 — ва ўсходнім Берліне.

Напрыклад, аэрадромы Брыег і Модлін каля Варшавы мелі прыярытэтныя нумары №31 і №80 адпаведна, прамысловыя вузлы ўсходняга Берліна — №61. А вось аб’ект пад назвай “насельніцтва” ў Варшаве меў прыярытэтны нумар 62.

Рассакрэчаныя спісы змяшчаюць толькі самую агульную інфармацыю. У іх няма назваў і адрасоў канкрэтных аб’ектаў, якія мусілі быць знішчаныя. Гэтыя дадзеныя па-ранейшаму застаюцца сакрэтнымі.

Галоўнае фота: gradremstroy.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі