ЗША пагражаюць Расіі эканамічнай ізаляцыяй

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры назваў беспрэцэдэнтным актам агрэсіі палітыку Расіі ва Украіне і прыгразіў Маскве жорсткай рэакцыяй з боку міжнароднай супольнасці.





“У ХХІ стагоддзі ўжо нельга паводзіць сябе ў стылі ХІХ стагоддзя і ўрывацца ў іншую краіну на цалкам надуманай падставе”, — заявіў Кэры ў эфіры амерыканскага тэлеканала CBS. Пры гэтым ён адзначыў, што Расія пакуль здольная пазбегнуць найгоршага развіцця падзеяў і ўрэгуляваць крызіс.





У сваю чаргу прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць заявы Кэры.



Раней з асуджэннем у адрас Расіі выступіў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ён таксама не выключыў, што ў выпадку ўводу войскаў ва Украіну Масква трапіць у эканамічную ізаляцыю. Апроч таго, Абама дадаў, што ЗША згортваюць падрыхтоўку да саміту краін “вялікай васьмёркі”, які павінен быў адбыцца ў Сочы ў чэрвені 2014 года.