Вы тут

ЗША і Турцыя дамовіліся пра прыпыненне аперацыі ў Сірыі

Віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс і дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа / Reuters

ЗША і Турцыя дамовіліся пра прыпыненне аперацыі турэцкіх войск у Сірыі. Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс, які знаходзіцца з афіцыйным візітам у Анкары. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", наступ армейскіх падраздзяленняў Турцыі прыпынены на 120 гадзін. Такім чынам курдскія апалчэнцы атрымалі магчымасць, пры садзейнічанні амерыканцаў, выйсці з памежных раёнаў, у якіх Анкара плануе стварыць "зону бяспекі". Калі курды выйдуць з гэтай тэрыторыі за пяць сутак, аперацыя будзе цалкам спынена, падкрэсліў Пенс.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прывітаў гэтую навіну ў Twitter. Паводле яго слоў, з Анкары прыйшлі "выдатныя навіны". "Дзякуй Эрдагану. Мільёны жыццяў будуць выратаваныя!", — напісаў Трамп.

Курдскія вайсковыя фармаванні на поўначы Сірыі былі саюзнікамі ЗША ў барацьбе супраць тэрарыстычнай "Ісламскай дзяржавы". Пасля таго, як амерыканцы аб'явілі пра поўны вывад войскаў, Турцыя пачала аперацыю супраць сірыйскіх курдаў. Анкара лічыць, што яны могуць быць звязаныя з курдскімі баевікамі ў Турцыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.