"Зоркі беларускай акрабатыкі" паспаборнічалі ў Брэсце

Больш за 100 спартоўцаў узялі ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах "Зоркі беларускай акрабатыкі", што 4-5 траўня праходзілі ў Брэсце. Як паведаміла суддзя нацыянальнай катэгорыі Ірына Глушко, у Брэст прыехалі нацыянальная і юніёрская зборныя Беларусі па акрабатыцы, а таксама спартоўцы з усёй краіны узростам ад 13 гадоў.

Спаборніцтвы праходзілі ў мнагаборстве сярод мужчынскіх, жаночых і змешаных пар, жаночых троек і мужчынскіх чацвёрак.

У жаночых парах найлепшы вынік паказалі брэстаўчане — майстры спорту міжнароднага класа, уладальнікі Кубка свету па акрабатыцы 2007 года Крысціна Маразюк і Наталля Кахнюк, у змешаных парах — акрабаты Таццяна Дашыневіч і Юрый Вайцяхоўскі з Мінска.

Па выніках гэтых спаборніцтваў яны будуць прадстаўляць нацыянальную зборную Беларусі па акрабатыцы на першых Еўрапейскіх гульнях неалімпійскіх відаў спорту, што пройдуць у ліпені ў Кіеве.

У мужчынскіх парах першынствавалі гамяльчане Яўген Калачоў і Руслан Федчанка, у жаночых тройках перамогу святкавалі мінчанкі Ганна Лобада, Алена Сімончык, Марыя Шадура.

У мужчынскіх чацвёрках найлепшымі былі таксама сталічныя акрабаты — Ігар Мішарын, Аляксей Смялкоў, Уладзімір Падбярэзскі, Сяргей Мікуліч.

Варта зазначыць, што спаборніцтвы "Зоркі беларускай акрабатыкі" з'яўляюцца аднымі з адборачных стартаў для фармавання юніёрскай зборнай, якая будзе выступаць у чэмпіянаце Еўропы па акрабатыцы.

Чэмпіянат пройдзе ў кастрычніку 2007 года ў Галандыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі