Золатавалютныя рэзервы Беларусі сёлета скараціліся на $900 млн.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі з пачатку 2009 года скараціліся прыкладна на 900 млн. долараў ЗША. Пра гэта сведчаць звесткі, якія агучыў на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур. Паводле яго слоў, "з улікам выдзеленых міжнародных крэдытаў" з пачатку студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 100 млн. долараў. Нагадаем, 14 студзеня Беларусь атрымала першы транш крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 788 млн. долараў ЗША. Атрыманыя сродкі залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў краіны і выкарыстоўваюцца для падтрымання курсу нацыянальнай валюты.

Як патлумачыў Калаур, на працягу студзеня змены ў частцы аб'ёму золатавалютных рэзерваў адбыліся таму, што гэты месяц характарызуецца паніжанай дзелавой актыўнасцю і зніжэннем паступленняў валютнай выручкі. "Усё гэта выклікае дадатковы попыт на валютным рынку і скарачэнне аб'ёму золатавалютных рэзерваў", - зазначыў Павел Калаур.

Такім чынам, заўважыў першы намеснік кіраўніка Нацбанка, з улікам міжнародных крэдытаў аб'ём золатавалютных рэзерваў "у прынцыпе застаецца такім жа, як быў на пачатак года".
На 1 студзеня 2009 года аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі склаў 3 млрд. 61,1 млн. долараў супраць 4 млрд. 182,2 млн. на пачатак студзеня 2008 года.

За мінулы год міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя паводле стандартаў МВФ, скараціліся на 1 млрд. 121,1 млн. долараў (26,8%), у тым ліку за снежань 2008 года — на 714,3 млн. долараў.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі