“Зняволенне ў СІЗА КДБ змянілі на хатні арышт ― абвінавачанні не знялі”

“Зняволенне ў СІЗА КДБ змянілі на хатні арышт ― абвінавачанні не знялі”

Затрыманы 28 сакавіка па “справе патрыётаў” мінскі мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі быў вызвалены з СІЗА КДБ 2 чэрвеня. Знаходжанне за кратамі ў ізалятары хлопцу замянілі на хатні арышт, падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні матэрыялаў справы. За кратамі Андрэй агулам правёў 74 дні. За гэты час пабываў і ў следчым ізалятары КДБ, і ў ізалятары на Валадарскага, распавядае Еўрарадыё Бяляўскі. Па яго словах, першай рэакцыяй на выстаўленае абвінавачванне была разгубленасць: маўляў, што за бязглуздзіца? З той жа думкай, кажа, і выйшаў за дзверы СІЗА КДБ. Адно добра ― ніякіх катавання, упэўнівае Андрэй, у дачыненні да яго не здзяйснялі. Як не заўважыў, каб яму давалі нейкія псіхатропы.

Андрэй Бяляўскі: “Па першым часе быў стрэс вялікі. Але апроч стрэсу нічога асаблівага не заўважыў… Да ўсяго, абмежаваная, вельмі маленькая прастора, абмежаванне ў перасоўванні, немагчымасць фізічна рухацца ― гэта ў камеры, напэўна, самае цяжкае было. А так… Лісты прыходзілі. Прычым, у абодва бакі. Але наколькі я ведаю, не ад ўсіх маіх сяброў лісты да мяне дайшлі. На дрэннае стаўленне паскардзіцца не магу: там заўжды на “Вы”, усё вельмі карэктна было”.

Ці можа ён працаваць, пакуль Андрэй не ведае. Кажа, будзе ўдакладняць у следчага, да якога ён павінен з’яўляцца па першым выкліку. Таму выязджаць за межы Мінска Бяляўскаму забаронена.

Пра планы на будучае Андрэй кажа вельмі неахвотна. Маўляў, пакуль адпачываю, а там будзе бачна.

Нагадаем, мастак-дызайнэр камп’ютарнай графікі Андрэй Бяляўскі быў абвінавачаны паводле часткі 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу — “Навучаньне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі