Знойдзеную ва Украіне надмагільную пліту Яна Баршчэўскага перадалі касцёлу

Знойдзеную ва Украіне надмагільную пліту Яна Баршчэўскага перадалі касцёлу

Знойдзеную ва Украіне надмагільную пліту вядомага беларуска-польскага пісьменніка XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага (1794 — 1851) перадалі на захаванне мясцоваму рыма-каталіцкаму касцёлу, інфармуе Радыё Свабода. Яе знайшоў на сваім падворку жыхар мястэчка Чуднаў Жытомірскай вобласці, калі капаў траншэю. Чугунная пліта працяглы час ляжала, пакуль не сцёрлася іржа і не стаў бачны надпіс. Мужчына перадаў знаходку Саюзу палякаў, а ён — касцёлу.

Было вядома, што Ян Баршчэўскі, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры, аўтар твора "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", у апошнія гады жыцця жыў у Чуднаве. Але знаходка надмагільнай пліты стала сапраўднай сенсацыяй. Збіраюцца сродкі на рэстаўрацыю, пасля якой вырашаць, дзе ж яе ўсталююць (найхутчэй каля храма). Мясцовыя ўлады збіраюцца запрасіць на мерапрыемства прадстаўнікоў з Беларусі і Польшчы.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Марзалюк лічыць, што ў Чуднаве мусіць быць "нейкі аб'ект мемарыялізацыі", створаны з ініцыятывы беларусаў, напрыклад памятны знак. І памяць Баршчэўскага ў такім выпадку будзе належным чынам ушанаваная. Паклапаціцца пра гэта мусіць беларуская амбасада ва Украіне, міністэрствы культуры і замежных спраў.

Знойдзеную ва Украіне надмагільную пліту Яна Баршчэўскага перадалі касцёлу
chudnivnews.in.ua

Больш цікавых падзей 18 красавіка ў праграме "Еўразум"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі