Зноў начная атака, большасць "Шахедов" збілі ўкраінскія СПА — 369-я раніца вайны
Большасць беспілотнікаў СПА Украіны збілі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Гэтай ноччу ўкраінскія СПА збілі над тэрыторыяй краіны 11 расійскіх беспілотнікаў тыпу"Шахед". Усяго іх было 14, кажуць у Генштабе УСУ. СПА працавала ў Кіеўскай вобласці, пісаў ноччу кіраўнік офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак. Беспілотнікі былі і ў небе над Кіевам. Гукі выбухаў чулі ў Запарожжы і Хмяльніцкім, паведамляла "Суспільне". Ужо раніцай кіраўнік Хмяльніцкай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гамалій паведаміў, што па горадзе было нанесена тры ўдары. Паводле папярэдняй інфармацыі адзін чалавек загінуў, чацвёра параненыя. Пацярпелі грамадзянскія дамы. Працягваецца тушэнне пажараў.
А ўчора расіяне нанеслі па Украіне 5 ракетных і 13 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі больш за 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у тым ліку па грамадзянскай інфраструктуры Херсонскай і Данецкай абласцей. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Ёсць забітыя і параненыя сярод мірных жыхароў, пашкоджаныя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры і будынкі. У горадзе Канстанцінаўка Данецкай вобласці, у прыватнасці, раненні атрымала дзіця. Таксама пашкоджаныя некалькі жылых дамоў.
На фронце без істотных пераменаў. Па словах украінскіх вайскоўцаў, расіяне "сканцэнтраваны на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках". На гэтых кірунках УСУ за суткі адбілі 81 атаку.
УС РФ працягвалі праводзіць беспаспяховыя аперацыі да паўночным захадзе ад Сватава і каля Крамянной (гэта ў Луганскай вобласці), пішуць у чарговым аглядзе эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Працягваюцца баі вакол Бахмута. Расійскія блогеры сцвярджаюць, што войскі РФ змаглі прасунуцца наперад на поўнач ад горада. Наступальныя аперацыі працягваюцца і ўздоўж заходніх ускраін Данецка і ў заходняй частцы Данецкай вобласці.
У аглядзе Інстытута таксама гаворыцца пра заяву намесніка начальніка Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГУР) Украіны Вадзіма Скібіцкага. Ён сказаў, што ўкраінскія сілы будуць гатовыя да контрнаступлення маючай адбыцца вясной. Адной са стратэгічных мэтаў гэтага контрнаступлення стане ўбіць клін у расійскі фронт на поўдні Украіны паміж Крымам і мацерыковай часткай Расіі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звольніў генерала-маёра Эдуарда Маскалёва з пасады камандуючага Аб'яднаных сіл. Указ пра гэта з'явіўся на прэзідэнцкім сайце. Маскалёў займаў гэтую пасаду з 15 сакавіка 2022 года. Да таго ён узначальваў штаб войскаў аператыўнага камандавання "Усход", а яшчэ раней — 300-й вучэбны танкавы полк 169-га вучэбнага цэнтра Сухапутных войскаў. "Прафесійны патрыятычны чалавек", — так казаў пра Маскалёва ў сакавіку мінулага года Зяленскі, нагадвае Нromadske .
У чарговым відэазвароце Уладзімір Зяленскі распавёў пра санкцыі, якія ўводзіць Украіны. Яны закрануць некалькіх катэгорый расіян: тых, хто датычны да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей; тых, хто, па словах украінскага прэзідэнта, "спрабуе паставіць спорт на службу агрэсіі", а таксама супраць тых, хто дапамагае трымаць структуры наймітаў у Расіі для вайны супраць Украіны.
Дарэчы, на днях расійскае выданне "Дождж" апублікавала расследаванне пра датычнасць расійскіх чыноўнікаў у жніўні 2022 года да дэпартацыі як мінімум 400 ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расіі. Толькі 36 з іх да студзеня 2023 года былі перададзеныя ў прыёмныя сем'і. Па дадзеных журналістаў, школы-інтэрнаты атрымалі інструкцыі не аддаваць дзяцей у сям'і з расійскім грамадзянствам. Акрамя таго, адзначае выданне, украінскіх дзяцей прымушаюць удзельнічаць у праграмах вайскова-патрыятычнага выхавання.
Злучаныя Штаты ніколі не прызнаюць анэксію Крыма Расіяй, пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпа ЗША Нед Прайс у прывітальным слове да ўдзельнікаў Крымскай платформы. Гэта міжнародная пляцоўка па абмеркаванні шляхоў дэакупацыі Крыма. Прайс нагадаў, што дзевяць гадоў таму Расія ўварвалася ва Украіну і захапіла Крым, што з'яўляецца відавочным парушэннем міжнароднага права, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
"Злучаныя Штаты вітаюць намаганні ўкраінскай Крымскай платформы засяродзіць увагу сусветнай супольнасці да расійскай акупацыі, якая працязваецца. ЗША не прызнаюць і ніколі не прызнаюць меркаваную анэксію паўвострава Расіяй. Крым — гэта Украіна", — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартаменту ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.