“Зніжка на аплату кватэры ў 40 тысяч рублёў. Хіба гэта зніжка?”

“Вось учора чула, што мы будзем узнагароджваць ветэранаў, ніхто не будзе забыты, што ўсіх неяк адзначаць. Але ўжо год-два гэтага няма! Ёсць жа ветэраны і па 90 гадоў, каб хоць патэлефанавалі на дзень нараджэння!” — 83-гадовая блакадніца Ніна Васільеўна Вашчукова з Мінска хоць абураецца па-ветэранску, але планаў на сёння мае шмат:

“Праз 10 хвілін зяць прыедзе да зубнога мяне павязе. Зіма была суровая: не выходзіла, хварэла. А пасля зубнога паедзем на могілкі да мужа”, — распавядае пра свае бытавыя праблемы Ніна Васільеўна. Пачуць бадзёры голас 84-гадовай жанчыны, якая перажыла блакаду, для мяне было нечакана і прыемна. Жанчына цудоўна памятае, як у блакадзе зарабляла ежу разам з братам. 

Мала таго, што ветэраны збіраюцца да стаматолага, яны яшчэ карыстаюцца мабільнікамі (!), самастойна ездзяць на дачы і маюць на ўсе дзяржаўныя падзеі ў краіне сваё меркаванне.

Ніна Васільеўна жыве ў трохпакаёўцы і мае зніжку на аплату камуналкі. Але зніжка гэта жанчыну бянтэжыць…

“Прыкладна 270 тысяч за кватэру, але можа 40 тысяч зніжка там за нешта”, — падлічвае Ніна Васільеўна і папярэджвае, што яна не ные, не скардзіцца.

“Вось лекі ў мяне бясплатныя, на тэлефон маю зніжку, праезд бясплатны зрабілі. Але куды мне ездзіць — я ж нікуды не езджу!”

Паводле слоў намміністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака, да працоўнай пенсіі ветэранам прадугледжаны надбаўкі: да прыкладу, блакаднікам Ленінграда — 100% ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (гэта 243 тысячы рублёў). Ніна Васільеўна атрымлівае 2,2 мільёна рублёў пенсіі.

“Не скажу, каб я асабліва шыкавала, што захацела пайшла і купіла. Мне не трэба купляць вопратку, пенсія — абы каб не памерла. Але ў мяне яшчэ што — у знаёмай пенсія ўвогуле 1,8 мільёна! Вечна лічыш гэтыя капейкі! Неяк увосень давалі на гародніну, а зараз нічога. Хоць бы да свята 100 рублёў давалі… І вельмі ўсе незадаволеныя гэтым”, — заўважае ветэран і спадзяецца, што пенсію падымуць цягам часу.

Пенсія Ніны Васільеўны амаль на 100 долараў меншая за сярэднестатыстычную пенсію ветэранаў вайны (за травень — 2,944 мільёна рублёў).

Дарэчы, па статыстыцы, з траўня 2009 па травень 2013 з жыцця пайшлі амаль 24 тысячы ўдзельнікаў вайны. Сёння з намі няма паловы ветэранаў, якія жылі ў Беларусі ў 2009 годзе! Сёння агульная колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны складае болей за 25 тысяч чалавек.

Год

Усяго ветэранаў (на травень)

Непасрэдных удзельнікаў вайны

Герояў Савецкага Саюза

Інвалідаў I i II груп

2009

49 тысяч 120

36 тысяч

19

9,3 тысячы

2010

42 тысячы 220

30 тысяч 566

16

8,9 тысячы

2011

34,5 тысячы

25,3 тысячы

11

7,3 тысячы

2012

30 тысяч 520

21,5 тысячы

6

6 тысяч

2013

25 тысяч 312

17 тысяч 685

6

4,8 тысячы

1 чэрвеня 2009 года ў Беларусі жылі 19 Герояў Савецкага Саюза, 12 чэрвеня — ужо 18… Сёння іх шасцёра — але радуе, што ніхто не памёр за апошні год. Жывы і адзіны ў Беларусі кавалер ордэна Славы трох ступеняў Віктар Веташкін.

У 2013-м са Дня Перамогі спаўняецца 68 гадоў. Год неюбілейны, таму ніякіх надзвычайных урачыстасцяў не запланавана. Ветэраны Вялікай Айчыннай атрымаюць звычайныя надбаўкі да пенсіяў: ад 50 да 500 адсоткаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі