Знік грамадскі актывіст з Быхаўскага раёна Аляксандр Шачанок

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. 

Па словах праваабаронцы, апошні раз Шачанка бачылі 27 жніўня ў раённым судзе ў Быхаве. Там праходзіў разгляд пазову актывіста яго суседа, які збіў Шачанка і абвінавачваецца ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Бухель падтрымлівае сувязь з сваякамі зніклага ў Быхаўскім раёне і Магілёве, якія і паведамілі яму пра знікненне актывіста. 

Бухель кажа, што затэлефанаваў у бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, але безвынікова. Паводле яго слоў, 29 жніўня сваякі Шачанка падалі заяву ў міліцыю аб знікненні актывіста. 

Шачанок вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў праваахоўныя органы наконт неправамерных, на яго думку, дзеянняў асобных супрацоўнікаў Быхаўскага РАУС. Падчас выбараў у мясцовыя органы ўлады ў сакавіку уваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Падбярэцкага.