Вы тут

Страўс, які ўцёк з вальера пад Асіповічамі, знайшоўся пад Дзяржынскам

Фота: "Ахова прыроды"

Знайшоўся страўс, які ўцёк з вальера пад Асіповічамі. Экзатычная птушка жыла на падворку “Птушыны двор” у вёсцы Маісеевічы і належала прадпрыемству “Ахова прыроды”. Супрацоўнікі прадпрыемства лекуюць параненых птушак, а страўса набылі, каб акупіць утрыманне іншых гадаванцаў.

Страўс (а дакладней, эму) здолеў пераскочыць праз агароджу вальера, якая была ў яго рост, а затым збегчы. Эму ўмее бегаць з хуткасцю да 50 кіламетраў за гадзіну.

На такую адлегласць эму ўцёк з вальера

Заўважылі яго ў лесе ў суботу, каля 8-й раніцы. Людзі, якія пабачылі на волі рэдкую для Беларусі птушку, скантактаваліся з яе гаспадарамі. А ў нядзелю страўс сам выйшаў да людзей, бо прызвычаіўся атрымліваць ежу і пітво ад іх. Пра гэта распавяла Еўрарадыё дырэктарка гаспадаркі “Ахова прыроды” Жанна Сашчэка.

Сёння раніцай супрацоўнікі арганізацыі выехалі на месца і з дапамогай відавочцаў злавілі эму і даставілі яго дадому. Страўс не атрымаў ніякіх пашкоджанняў.