Вы тут

З вальера пад Асіповічамі ўцёк страўс (відэа)

Фота: Іван Мураўёў

У Асіповіцкім раёне з вальера ўцёк страўс. Здарэнне адбылося ўвечары 6 верасня. Страўса дагэтуль не знайшлі. Экзатычную птушку трымалі на падворку "Птушыны двор" у вёсцы Маісеевічы. 

Гаспадары "Птушынага двара" некалькі гадоў даглядаюць і лекуюць параненых птушак. Год таму яны набылі страўсаў, каб неяк акупіць утрыманне іншых пацярпелых птушак. 

"На самой справе, гэта не страус, а эму, атрад казуаравыя. Да 1980-х ён таксама лічыўся страўсам, але ёсць адрозненні: наяўнасць мачавога пухіра, колькасць пальцаў на нагах, — распавёў у каментары Еўрарадыё Аляксандр, супрацоўнік "Птушынага двара". — Гэта нават не птушка, а нашчадак дыназаўраў. Двухногая, без крылаў, шэры корпус, чорная галава. Ён агрэсіўны — калі шугануць, то можа брыкнуць, як конь. Але казуар больш небяспечны — у каня капыт плоскі, а ў эму на пальцах кіпцюры".

Па словах Аляксандра, у перыяд палавога даспявання ў птушак пачаўся гон. Іншыя насельнікі вальера спрабавалі выгнаць гэтага эму. Ён адштурхнуўся ад аднаго з сваіх сапернікаў і пераскочыў праз агароджу вышынёй у яго рост.

Дарэчы, эму развівае хуткасць да 50 кіламетраў у гадзіну. Калі ўбачыце яго — абыходзьце бокам, папярэджвае спецыяліст. Ні ў якім разе не палохайце яго! І адразу ж тэлефануйце ў Асіповіцкі РАУС або ў МНС.