Вы тут

Зміцер Дашкевіч: маньякаў у зонах так не катуюць, як цяпер палітычных

Зміцер Дашкевіч / Еўрарадыё

З жодзінскай турмы 13 траўня выйшаў Зміцер Дашкевіч. Ён адбываў 20-дзённы арышт пасля затрымання на Курапацкай варце.

У каментары Радыё "Свабода" Дашкевіч расказаў, у якіх умовах трымаюць людзей, асуджаных па "палітычных" артыкулах. 

"Маньякаў у зоне не катуюць так, як катуюць цяпера арыштантаў па "палітычных" артыкулах", — параўноўвае Дашкевіч. Палітарыштанты, па яго словах, сядзяць без кніг, без матрацаў і фактычна без перадач. Такога, кажа ён, няма ні ў адным ізалятары ні ў адной зоне.

Зміцер пацвердзіў, што ў "палітычных" камерах больш арыштантаў, чым наяўных месцаў. Пры гэтым удзень не дазваляецца сядзець на нарах — нават пры тым, што яны без матрацаў. "Калі ты ясі ежу, ты або сядай на бетон, або стоячы еш. Гэта такая форма вычварэнства, якая не паддаецца логіцы", — абураецца актывіст.

Таксама Дашкевіч паведаміў, што нават з тых перадач, якія прымаюць у сваякоў, "палітычным" аддаюць не ўсё: "Палову перадач не аддаюць. На пакунку напісана 200 грамаў цукерак, а там — тры цукеркі". У жодзінскай турме арыштантам казалі, што сваю перадачу яны павінны з'есці да раніцы. Нагадаем, што прымаюць перадачы адзін раз на тыдзень.

Выказаўся Дашкевіч і пра Курапацкую варты, на якой яго затрымалі. "Курапацкая варта будзе лагічна завершаная. Шапуцька мне нагадала, што калі ўсё пачыналася тры гады таму, я сказаў, што будзем стаяць тры гады", — заявіў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.