"Змагарам" тут не месца: праз акцыю салідарнасці медыкам пагражае звальненне

Дактары Ганна Сушчынская і Ганна Карась
Дактары Ганна Сушчынская і Ганна Карась

Пасля затрымання на акцыі салідарнасці ў двух дактароў Мінскай абласной клінічнай бальніцы — Ганны Карась і Ганны Сушчынскай — адбылася непрыемная размова з галоўным доктарам. Дзяўчаты расказалі Еўрарадыё, што Аляксандр Лінкевіч паставіў ім ультыматум: або звальняецеся па ўласным жаданні, або знойдзем прычыну звольніць. Маўляў, "змагары" ў бальніцы не патрэбныя.

— Лінкевіч непасрэдна за нашу акцыю нас звальняць не мае намеру, — кажа Ганна Сушчынская. — Але мы выказалі яму сваю грамадзянскую пазіцыю, а ён сказаў, што МАКБ — дзяржаўная бальніца, і такія людзі, як мы, у ёй працаваць не будуць, паколькі напярэдадні кіраўнік дзяржавы агучыў так званую дарожную карту для ўсіх кіраўнікоў.

Мы спыталі, на якой падставе ён хоча нас звольніць. Мы не хочам звальняцца, мы хочам працягваць працаваць, тым больш у такі цяжкі час для краіны, у эпідэмію. Мы не разумеем, чаму нас трэба звальняць.

Днём 28 кастрычніка Аляксандр Лінкевіч адказвае Еўрарадыё, што звальняць Ганну Карась і Ганну Сушчынскую не збіраецца — ні цяпер, ні ў далейшым. Але дактары, якія сустракаліся з галоўным доктарам крыху раней, кажуць, што ён не адказаў ім на важнае пытанне: ці будуць суткі адміністрацыйнага арышту лічыцца прагулам і, адпаведна, падставай для звальнення?

Вось жа і Ганне Карась, і Ганне Сушчынскай пасля затрымання 27 кастрычніка пагражаюць суткі адміністрацыйнага арышту. На іх складзеныя пратаколы па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

— Пасля працы мы выйшлі з калегай на акцыю салідарнасці, не выкрыкваючы лозунгаў, без якой-небудзь сімволікі. У нас быў плакат, на якім было напісана "Я/МЫ РНПЦ Кардыялогія". Ён звязаны з пачуццямі, якія ўзніклі пасля затрымання ў той жа дзень маіх калег з РНПЦ, — расказвае Еўрарадыё, як усё было, Ганна Сушчынская. — Прыкладна ў 16:30 вечара нас затрымалі супрацоўнікі АМАП, даставілі ў Бараўлянскі РАУС. Там аформілі пратакол і адпусцілі дадому. Амапаўцы абыходзіліся з намі паважліва, ніякіх нараканняў у мяне няма.

"Змагарам" здесь не место: из-за акции солидарности медикам грозит увольнение
Ганна Сушчынская

Мы пацікавіліся ў Ганны, як цяпер у Мінскай абласной бальніцы ідуць справы з COVID-19 і ці можа бальніца дазволіць сабе звальненне двух супрацоўнікаў. Ці ёсць кім іх замяніць?

— Наша бальніца не спецыялізуецца на дапамозе пацыентам з ізаляванай каранавіруснай інфекцыяй, таму мае выказванні могуць быць не зусім экспертнымі. Але я магу сказаць, што павялічылася колькасць маіх калег, якія або хварэюць на каранавірус, або ўжо перахварэлі. Такіх каля 50 адсоткаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі