Вы тут

Злодзей адчыніў бусік — і пабачыў амапаўцаў

Сілавікі каля службовых бусікаў / Еўрарадыё

Аўтамабільны злодзей у Брэсце трапіў у кур'ёзную сітуацыю. 

Як паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама, 43-гадовы мужчына выйшаў на волю і зноў пачаў зарабляць дробнымі крадзяжамі.

У адзін з вечароў ён крыху выпіў і пайшоў "на справу". Знайшоўшы незачынены BMW, брастаўчанін скраў з яго акуляры, ФМ-мадулятаор і флэш-карту. 

Наступныя некалькі машын былі зачыненымі. Пабачыўшы мікрааўтобус, мужчына вырашыў выпрабаваць удачу. Дзверы адчыніліся, брастаўчанін зрабіў крок у салон — і пабачыў амапаўцаў. Гэта быў службовы аўтамабіль АМАП. Верагодна, сілавікі сядзелі ў засадзе, чакаючы каманды на разгон вулічнай акцыі.

Злодзей сказаў, што памыліўся аўтамабілем і сышоў.

Аднак на яго паводзіны звярнуў увагу амапавец з іншай машыны. Ён кажа, што здзівіўся сонечным акулярам, якія мужчына насіў у цёмны час сутак. "Я стаў назіраць за гэтым мужчынам у бакавое люстэрка. Ён не рабіў рэзкіх рухаў, паводзіў сябе асцярожна, але яго паводзіны былі не зусім звычайнымі для простага мінака. А калі ён "выпадкова" зазірнуў у службовы аўтамабіль, сумневаў не засталося: гэта аўтамабільны зладзюжка. Мы яго затрымалі", — распавядае амапавец.

Мужчыну даставілі ў Ленінскі РАУС Брэста. Пры ім знайшлі крадзеную маёмасць. Рэчы вярнулі гаспадыні на наступны дзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.