Зісер — пра сітуацыю з Hoster.by: Гэта робіцца, каб лішні раз запалохаць мяне

Зісер — пра сітуацыю з Hoster.by: Гэта робіцца, каб лішні раз запалохаць мяне

"Хіба дзяржаву хвалююць якасць паслуг і бяспека інфармацыі, калі яе сапраўдная мэта — лішні раз прыстрашыць супрацоўнікаў Хостэра і асабіста мяне?" 

Такім чынам вядомы бізнэсовец Юрый Зісер пракаментаваў у Фэйсбуку тое, што яго ТАА "Надзейныя праграмы" (hoster.by) выключылі са спісу пастаўшчыкоў паслуг для дзяржаўных органаў. Як паведамляла Еўрарадыё, адпаведны загад Аператыўна-аналітычны цэнтр прыняў 2 лістапада. 

На думку Зісера, такая мера сведчыць пра нераўнапраўнасць формаў уласнасці ў Беларусі і жаданне перавесці кліентаў да дзяржаўных хостынг-правайдараў. 

На сайце кампаніі паведамляецца, што ТАА "Надзейныя праграмы" была ў спісе пастаўшчыкоў дзяржпаслуг з 2010 года. Большасць кліентаў кампаніі гэтыя новаўвядзенні не закрануць. 

Разам з тым супрацоўнікі кампаніі адзначаюць, што яшчэ год таму на іх кліентаў сталі ціснуць, каб тыя перайшлі да дзяржаўнага пастаўшчыка паслуг — "Беларускіх воблачных тэхналогіяў". 

Кампанія адзначае, што перад праверкай ААЦ яна зладзіла ўнутраны аўдыт інфармацыйных сістэмаў з дапамогай кампаніі Group-IB — "сусветным лідарам у сферы камп'ютарнай крыміналістыкі, кансалтынгу і аўдыту сістэм інфармацыйнай бяспекі". Таксама праверка кампаніі прайшла падчас акрэдытацыі hoster.by у статусе рэгістратара даменаў, якую праводзіць ICANN — міжнародная арганізацыя, якая рэгулюе пытанні, звязаныя з даменнымі імёнамі, IP-адрасамі і іншымі аспектамі функцыянавання інтэрнэту. "На сённяшні дзень такой акрэдытацыі ў Беларусі больш няма ні ў адной кампаніі", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Вынікі праверкі, якую зладзіў ААЦ, былі агучаныя вусна 4 кастрычніка. "Усе патрабаванні, якія было загадана выканаць у адведзены тэрмін, былі своечасова рэалізаваныя", — кажуць у "Надзейных праграмах".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі