Жыхары вуліцы Прытыцкага перамаглі: медцэнтр пад вокнамі не будзе збудаваны

Тры месяцы людзі змагаліся за свае правы: медцэнтр мог затуліць сонца палове дома і паставіць будынак пад пагрозу абрушэння (фота) У красавіку гэтага года жыхары дома №48 па вуліцы Прытыцкага прачнуліся і ахнулі: пад іх вокнамі за лічаныя гадзіны разгарнулася будаўнічая пляцоўка. Новы медцэнтр мусіў затуліць святло ў вокнах паловы кватэраў.

Да таго ж, дом №48 стаіць на пагорку, а пад ім праходзіць лінія метро. Людзі баяліся, што дом з-за гэтага можа папросту абрынуцца. Жыхары, больш за 100 чалавек, выйшлі на масавы пратэст – і часова перапынілі будоўлю. Супакойваць раз’юшаных гараджанаў прыязджаў тады нават мэр Мінска Мікалай Ладуцька.

Людзі звярталіся паўсюль – ад Адміністрацыі Фрунзенскага раёна да Адміністрацыі прэзідэнта. І вось – перамога: днямі будаўнічыя вагончыкі і агароджу нарэшце канчаткова прыбралі.

“Мы, шчыра кажучы, самі да канца не верылі, -- кажа жыхар дома спадар Яўген. – Напачатку яны нам пісалі лісты, упрошвалі пагадзіцца на будоўлю, затым абзвоньвалі. Пыталіся ў мяне, ці не цісне хто на мяне з ініцыятыўнай групы. Казалі, што нехта з нас асабіста зацікаўлены, каб сарваць будаўніцтва. Але я ім патлумачыў, што знайсці падтрымку будаўніцтва сярод жыхароў не ўдасца. І вось нарэшце – перамога! Яны, што цікава, згарнулі ўсю будаўнічую пляцоўку гэтак жа хутка, як і разгарнулі – за два дні!”

Спадар Яўген лічыць, што гэта ўнікальны прыклад таго, як масавы народны пратэст можа даць рэальны вынік. Ён кажа, што збіраецца паставіць пляшку каньяка ініцыятыўнай групе, якія гэтак мужна адстойвалі правы жыхароў дома, псуючы свае нервы, без поўнай упэўненасці ў пераможным выніку.


Той самы дом па Прытыцкага, 48


Жыхары неаднаразова выходзілі на масавыя пратэсты


Красавік 2010: будаўнічая пляцоўка была разгорнутая проста пад вокнамі


Цяжкую тэхніку спыніла толькі абурэнне жыхароў дома


24 ліпеня 2010. Перамога: будаўнічай пляцоўкі як і не бывала!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі