Жыхары дома, дзе задушылі хлопчыка: Святлана яго вяла, была вясёлая

Еўрарадыё звязалася з жыхарамі шматпавярховага дома, у якім 5 верасня быў забіты 9-гадовы хлопчык. Паводле папярэдняй інфармацыі, малога задушыла 32-гадовая Святлана, якая пасля скончыла жыццё самагубствам, выкінуўшыся з акна. Аднак абставіны жахлівага здарэння ўсё яшчэ высвятляюцца праваахоўнікамі. Распачата крымінальная справа па артыкуле “Забойства”.

“Гэта здарылася ў кватэры былога мужа Святланы. Ён сёння жыве там з мамай. А сама Святлана жыве разам з сынам і дачкой у іншым месцы. У той дзень былы муж і яго маці з’ехалі на лецішча і ўзялі з сабой старэйшую дачку. А ў Святланы былі ключы ад гэтай кватэры. Яна сюды чамусьці прывезла чужога хлопчыка — сябра яе малодшага сына. Малыя вучыліся ў адной школе, шмат часу бавілі разам. Яна прывезла чужога хлопчыка сюды на таксоўцы. Ні ад каго не хавалася. Унізе на лаўцы сядзелі мужчыны з пад’езда, якія Святлану ведаюць. Яна вяла гэтага хлопчыка, была вясёлая, павіталася”, — распавядаюць падрабязнасці суседзі.

 

Наколькі зразумелі жыхары пад’езда, калі трагедыя яшчэ не здарылася, блізкія 9-гадовага хлопчыка патэлефанавалі былому мужу Святланы, паведамілі, што яна некуды павезла іх дзіця. Але было ўжо позна. Спачатку жыхары шматпавярховіка пабачылі, як разбілася жанчына. Потым міліцыянеры знайшлі і задушанага хлопчыка.

“Не зразумелыя прычыны і матывы. Нейкае дзікунства ці хвароба. Нешта ненармальнае”, — не хавае эмоцый жыхарка дома, дзе здарылася трагедыя.

Між тым, следства высвятляе, ці сапраўды жанчына мае дачыненне да забойства хлопчыка, ці, магчыма, яна разам з ім сама стала ахвярай невядомых асоб.

Фота sk.gov.by