Вы тут

Жыхара Рэчыцы, які ваяваў у так званай "ДНР", асудзілі за наёмніцтва

Фота: tut.by

16 лістапада Гомельскі абласны суд асудзіў жыхара Рэчыцы за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Разгляд крымінальнай справы Віталя Мітрафанава працягваўся два тыдні, піша tut.by.

Суд прызнаў, што 41-гадовы мужчына вінаваты ў ідэалагічным наёмніцтве без наяўнасці карыслівага складніку (361-3 ч.1 КК РБ). Ён асуджаны на два гады "хіміі".

Пакуль прысуд не набудзе законную моц, Мітрафанава адпусцілі з-пад варты і ўзялі з яго падпіску аб нявыездзе. Час знаходжання рэчычаніна пад вартай залічаць як адзін за два дні абмежавання волі.

Мітрафанаў знаходзіўся на тэрыторыі так званай "ДНР" з красавіка па чэрвень 2017 года. Як паведамляе следства, там ён ахоўваў розныя склады і нёс баявое дзяжурства ва ўзброеным фармаванні на лініі варагуючых бакоў. На пачатку ліпеня мужчына вярнуўся ў Беларусь, дзе яго праз некалькі тыдняў затрымалі і ўзялі пад варту.

На судзе Мітрафанаў прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым.

Жыхар Рэчыцы жанаты, раней судзімы. Ён ураджэнец расійскага Ніжнявартаўска, але мае беларускае грамадзянства.

За апошнія паўгода гэта другая крымінальная справа ў беларускіх судах наконт наёмніцтва. У верасні 2017-га ў Віцебску на два гады абмежавання волі суд прысудзіў 29-гадовага Аляксея Яршова: яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Суд быў закрытым. Праз паўтара месяца стала вядома, што мужчына з'ехаў з Беларусі і вярнуўся ў "ДНР".