Жыхар Мінска вярнуўся з Італіі з захворваннем на адзёр

У Мінску зарэгістравалі выпадак захворвання на адзёр. Як інфармуе БелаПАН, пацыент вярнуўся ў лютым з паездкі ў Італію. Адзначаецца, што ў яго не было прышчэпкі супраць адру. Каля 20 чалавек, якія з ім кантактавалі, атрымалі прышчэпкі.

БЕЛТА інфармуе, што летась у нашай краіне былі зарэгістраваныя тры выпадкі, калі беларусы "прывозілі" захворванне з-за мяжы (з Грузіі, Ізраіля і Расіі).

Нагадаем, у шэрагу краін Еўропы (у Італіі, Нямеччыне, Босніі і Герцагавіне) назіраюцца ўспышкі адру. Адной з прычын гэтага называецца павелічэнне колькасці бацькоў, якія не дазваляюць, каб іх дзяцей вакцынавалі.

Беларускія медыкі рэкамендуюць грамадзянам нашай краіны перад паездкай у замежжа ўдакладніць у паліклініцы, ці маюць яны прышчэпку ад адру. Калі ж трэба зрабіць прышчэпку, дык да лекараў трэба звярнуцца за месяц да паездкі.

У выпадку ж, калі пасля вяртання на радзіму з'яўляюцца сімптомы інфекцыйнага захворвання (павышэнне тэмпературы цела, сып, боль у горле і г. д.), трэба неадкладна звярнуцца да ўрача-інфекцыяніста.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі