У Мінздароўя пракаментавалі нізкі конкурс у медуніверсітэты

Барыс Андрасюк

Барыс Андрасюк / ctv.by

У Мінздароўя вырашылі публічна апраўдацца за нізкі конкурс у медуніверсітэтах.

Як паведамляла Еўрарадыё, сёлета нават у Мінску конкурс сярод будучых медыкаў не дацягваў да двух чалавек на адно месца. А ў абласных цэнтрах на некаторыя спецыяльнасці заяваў падавалі менш, чым месцаў на факультэтах. Мяркуецца, што гэта звязана з адменай платнага навучання — навінкай гэтага года.

Але ў Мінздароўя ёсць сваё тлумачэнне. Яго на тэлеканале СТБ агучыў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк:

"Мы больш чым на 700 месцаў павялічылі бюджэт, гэта значыць мы даем рэальны шанец дзецям стаць медыкам. У гэтым годзе на мэтавае паступалі дзеці з вельмі высокімі баламі".

Чыноўнік заявіў, што ў больш як 60% абітурыентаў бал атэстата быў 90 і вышэйшы. І напачатку заявы падала вялікай колькасць выпускнікоў школ. Але нібыта калі яны пабачылі высокія прахадныя балы, многія спалохаліся і забралі дакументы.

Але затое, кажа намеснік міністра, у медуніверсітэты паступілі абітурыенты з вельмі высокімі баламі. Бал на мэтавае навучанне ў параўнанні з мінулым годам вышэйшы прыкладна на 30%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.