Журналісту Змітру Галко прысудзілі 4 гады "хіміі"

Журналісту Змітру Галко прысудзілі 4 гады "хіміі"

Журналіста Змітра Галко асудзілі на чатыры гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Як перадае Радыё "Свабода", яго вызвалілі ў зале суда. Галко прызналі вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама журналіст павінен выплаціць 850 рублёў кампенсацыі пацярпелым.

Судовы працэс адбываўся ў Савецкім раённым судзе Мінска і працягваўся тыдзень.

Як паведамлялася раней, інцыдэнт здарыўся ў лістападзе 2017 года. У кватэры Галко адзначалі дзень нараджэння яго сына Яна. Нехта з суседзяў выклікаў міліцыю — нібыта з прычыны шуму. Калі Зміцер Галко адчыніў дзверы, у яго здарыўся канфлікт з міліцыянтам. Пры гэтым мабільнік супрацоўніка міліцыі быў разбіты. Галко прызнаваў, што мог выбіць тэлефон з рук міліцыянта Чыркова, калі выцягваў яго з міліцыі, але казаў, што "не памятае гэтага дакладна".

Галко судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула. Пасля гэтага ён з сынам з'ехаў ва ўкраінскі Марыупаль. 22 красавіка яго затрымалі на мяжы пры вяртанні ў Беларусь. 

Зміцер Галко на судзе неаднаразова заяўляў пра здзекі і катаванні: яго трымалі ў бетонным "стакане" з закаванымі ў кайданкі рукамі, не давалі піць і есці. Ён заяўляў, што крымінальную справу на яго пачалі толькі пасля таго, як ён пачаў публікаваць у СМІ падрабязнасці міліцэйскага візіту. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі