Журналістку “Новага часу” аштрафавалі за акцыю караблікаў ля амбасады Расіі

Журналістку “Новага часу” аштрафавалі за акцыю караблікаў ля амбасады Расіі

Журналістку газеты “Новы Час” Дзіяну Серадзюк аштрафавалі за ўдзел у акцыі ля расійскай амбасады ў Мінску, хоць яна толькі асвятляла мерапрыемства. 22 снежня працэс адбыўся ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы. Разглядаліся справы ўдзельнікаў акцыі, да якіх далучылі карэспандэнтку. Нягледзячы на ўсе аргументы, Серадзюк прысудзілі штраф у памеры 20 базавых велічыняў (490 рублёў) за удзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Нагадаем, што ўвечары 26 лістапада да амбасады Расіі ў Мінску прыйшло каля дзесяці чалавек, пераважна з "Моладзі БНФ", якія ўсклалі на парапет агароджы папяровыя караблікі, афарбаваныя ў колеры ўкраінскага сцяга. Гэта была акцыя салідарнасці з украінскімі маракамі, абстралянымі і захопленымі ў палон у Азоўскім моры.

Акцыю асвятлялі журналісты розных выданняў, але ў міліцыі ўзніклі прэтэнзіі толькі да Серадзюк. Пазней яна атрымала поштай пратакол, паводле якога яна ўдзельнічала ў акцыі.

Гэта не адзіны судовы працэс у дачыненні да “Новага Часу”. 27 снежня адбудзецца другое пасяджэнне паводле пазова бізнесмена Леаніда Зайдэса аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Зайдэс патрабуе спагнаць з газеты і журналіста Дзяніса Івашына 8 000 рублёў.

Таксама на журналіста Мікалая Дзядка завялі адміністратыўную справу за допіс у Facebook. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі