Вы тут

Журналістка "Новой газеты" вымушаная пакінуць Расію праз пагрозы

Алена Мілашына / novayagazeta.ru

Аглядальніца расійскай "Новой газеты" Алена Мілашына вымушаная з'ехаць з краіны праз боязь за сваю бяспеку. На гэтым настаялі ў рэдакцыі.

На сайце выдання з'явілася паведамленне пра накіраванне Алены Мілашынай у камандзіроўку за межы Расійскай Федэрацыі. Прычынай такога рашэння зрабіліся асаблівыя адносіны, якія ўсталяваліся паміж федэральнай уладай і кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым, а таксама шматлікія асабістыя пагрозы чачэнскіх чыноўнікаў у адрас журналісткі.

"Алена кіруецца пратаколам бяспекі, зацверджаным рэдакцыяй. Яе лакацыя ніяк не адаб'ецца на асвятленні тэмы правоў чалавека ў Чачні", — падкрэслілі ў рэдакцыі.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў раней назваў Алену Мілашыну тэрарыстам і нагадаў, што "мы заўсёды знішчалі тэрарыстаў і іх памагатых, паміж якімі няма ніякай розніцы, і будзем з імі гэтак адыходзіцца і далей". Журналістка мяркуе, што "выпад" Кадырава ў яе бок звязаны з дапамогай сям'і суддзі Сайдзі Янгулбаева.

Пост Кадырава з'явіўся ў Telegram у канцы студзеня, "Новая газета" нават падала заяву ў СК РФ з гэтай нагоды. Аднак 2 лютага Кадырава прыняў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.  Пасля гэтага стала вядома, што калегія суддзяў Чачэнскай Рэспублікі прыпыніла адстаўку суддзі, такім чынам з Сайдзі Янгулбаева была знятая недатыкальнасць. Сам Янгулбаеў разам з дачкой з'ехаў з Расіі ў канцы студзеня. Падставай для спешнага ад'езду зрабілася выкраданне яго жонкі.  Яе з Ніжагародскай вобласці вывезлі чачэнскія сілавікі. У Чачні казалі, што яна павінна даць паказанні як сведка па крымінальнай справе 2019 года, аднак пазней справу пачалі і супраць яе самой — за аказанне супраціву паліцэйскаму. У выніку яе пакінулі пад арыштам.

2 лютага ў Крамлі Рамзана Кадырава прыняў Уладзімір Пуцін / Прэс-служба прэзідэнта Расіі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.