Журналіста затрымалі за збіццё кіроўцы. “Мінсктранс” не мае звестак пра бойку

Журналіста затрымалі за збіццё кіроўцы. “Мінсктранс” не мае звестак пра бойку

“Мінсктранс” не мае звестак пра бойку пасажыраў і кіроўцы мінскага аўтобуса, па падазрэнні ў якой раніцай 5 лістапада на некалькі гадзін быў затрыманы карэспандэнт Еўрарадыё Раман Пратасевіч. У пастарунку следчыя прапанавалі журналісту распавесці, як ён у 20-х чыслах верасня ўдарыў кіроўцу ў сківіцу, а таксама на нейкі час забралі яго тэлефон.

Пасля таго як журналіст выйшаў з пастарунку, Еўрарадыё звярнулася ў “Мінсктранс” з афіцыйным запытам пра інцыдэнт. Мы папрасілі распавесці пра бойку і даць кантактныя звесткі пацярпелага супрацоўніка арганізацыі.

У адказе за подпісам гендырэктара “Мінсктранса” Леаніда Папянка сказана, што асабістыя звесткі кіроўцы ахоўваюцца законам “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і ахове інфармацыі”, таму яго нумар тэлефона нам даць не могуць. Першае пытанне — пра дэталі здарэння — было праігнараванае.

Журналіста затрымалі за збіццё кіроўцы. “Мінсктранс” не мае звестак пра бойку

Каб даведацца, ці мела месца бойка, Еўрарадыё патэлефанавала супрацоўніцы “Мінсктранса”, якая рыхтавала адказ.

“Ведаеце, у нас як такой інфармацыі і няма”, — адказала яна, параіўшы Еўрарадыё звярнуцца ў міліцыю.

Мэта, з якой карэспандэнт Еўрарадыё быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі, застаецца нам незразумелай, бо “Мінсктранс” не пацвярджае, што згаданы інцыдэнт сапраўды адбыўся. Рэдакцыя лічыць “прывод” Пратасевіча ў аддзяленне міліцыі часткай кампаніі па ціску на незалежную прэсу з боку беларускіх уладаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі