Вы тут

Журналіст Раман Пратасевіч — у Першамайскім РУУС Мінска

Раман Пратасевіч. Фота: Facebook

Раніцай 5 лістапада журналіст Раман Пратасевіч патэлефанаваў галоўнаму рэдактару Еўрарадыё Паўлу Свярдлову і распавёў, што да яго прыйшлі з крымінальнага вышуку, і што ён ужо знаходзіцца ў службовым аўтамабілі. Прычынай затрымання быццам бы сталі хуліганскія паводзіны “ў аўтобусе месяц таму”.

Крыху раней журналіст напісаў пра сваё затрыманне ў твітары:

Зараз Пратасевіч знаходзіцца ў Першамайскім РУУС.

"Справа распачатая па ч.1 атрыкула 339 (Хуліганства), — распавёў Еўрарадыё затрыманы журналіст. — Нібыта ў 20-х чыслах верасня я ехаў да дзяўчыны ў Лошыцу і ўдарыў кіроўцу аўтобуса. Кіроўца нібыта апазнаў мяне па фота".

З 1 верасня 2018 года Раман Пратасевіч часова акрэдытаваны пры МЗС у якасці карэспандэнта Еўрарадыё. Тэрмін акрэдытацыі скончыўся 31 кастрычніка. У сярэдзіне кастрычніка мінскі карпункт Еўрарадыё звярнуўся ў знешнепалітычнае ведамства для працягу акрэдытацыі.

Менавіта 5 лістапада Міжнародная федэрацыя журналістаў праводзіць па ўсім свеце кампанію "Станем за журналістыку", каб прыцягнуць увагу да галоўных пагрозаў, з якімі сутыкаюцца калегі. Галоўнай пагрозай у Беларусі сёлета стала завядзенне крымінальных спраў супраць вядомых журналістаў і рэдактараў недзяржаўных медыя.

7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.

Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала: Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Іх абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.