Жлобінская фірма штучнага футра спыніла працу

На гэтым тыдні спынена праца асноўных цэхаў ААТ "Белфа" — аднаго з вядучых еўрапейскіх вытворцаў штучнага трыкатажнага футра. Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама Аляксей Шолак, у прадпрыемства ўзніклі праблемы са збытам прадукцыі.
"Працаваць на склад яны не хочуць, таму асноўныя цэхі са згоды калектыву адпраўлены ў адпачынак з няпоўнай аплатай. Актыўную дзейнасць працягвае служба рэалізацыі. Хутчэй за ўсё, на наступным тыдні асноўныя цэхі таксама яшчэ будуць стаяць. У калектыве напружання няма, да такога рашэння кіраўніцтва людзі паставіліся з разуменнем", — пракаментаваў сітуацыю А.Шолак.

Прадпрыемства "Белфа" існуе больш за 30 гадоў. Прадукцыя акцыянернага таварыства рэалізуецца ў Расіі, Малдове, ва Украіне, у Прыбалтыцы, Бельгіі, Славакіі, Нідэрландах. Прамысловая калекцыя фабрыкі налічвае звыш 500 узораў футра, штогод тут вырабляецца больш за 15 млн. квадратных метраў футра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі