Жбанаў: “У Беларусі няма фондавага рынку, таму і хвалявацца няма чаго”

Апошнія некалькі тыдняў адзначыліся для сусветнай эканомікі крызісам на фондавых рынках. У лік пацярпелых патрапіла Расія і нават Украіна. Аднак беларуская эканоміка па ўсіх паказчыках пакуль ніяк не рэагуе на сусветны крызіс. Чаму сусветныя крызісныя з’явы ніяк не тычацца Беларусі – з такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да Сяргея Жбанава – эканамічнага аглядальніка “Белгазеты”. На думку спадара Жбанава, беларусаў наогул ніяк не тычацца праблемы фондавых рынкаў. Таму што ён у нас пакуль не сфармаваўся:

“Чаму так атрымліваецца? Таму, што ў Беларусі папросту няма фондавых біржаў. Гэта пытанне павінна быць зададзенае нашаму ўраду, а не мне. Асабіста я не бачу вялікай праблемы ў тым, што ў нас няма паўнавартаснага фондавага рынку. Ён ёсць, аднак знаходзіцца на стадыі зараджэння – і вельмі добра. Таму што мы з вамі разам з усімі астатнімі грамадзянамі рэспублікі не перажываем паніку”.

Прычына вельмі простая – Беларусь папросту не мае буйных прадпрыемстваў узроўню еўрапейскіх банкаў ці расійскіх нафта-газавых прадпрыемстваў:

“У нас няма такіх каштоўных папер, якія страчвалі б кожны дзень па 15-17% свайго кошту. Гаворка зараз ідзе пра падзенне коштаў буйных расійскіх кампаніяў, украінскіх металургічных прадпрыемстваў ды заходніх буйных банкаў і фінансавых структураў – усе яны зараз імкліва страчваюць свой кошт. У нас нічога падобнага няма, таму і не варта непакоіцца”.

Сам факт існавання фондавага рынку ў краіне, як сцвярджае Сяргей Жбанаў, дазваляе пры ўмове станоўчага развіцця эканомікі зарабляць дастаткова вялікія грошы. І наадварот:

“Гэта, як кажуць, два бакі аднаго медалю. Першы – гэта той момант, што вельмі добра мець нацыянальную фондавую біржу, калі эканоміка знаходзіцца на стадыі пад’ёма. Калі ж эканоміка ўваходзіць у стадыю крызіса – то мець моцную фондавую біржу становіцца невыгодна. У першым выпадку ўсе радуюцца, бо біржа дазваляе зарабляць сапраўды велізарныя грошы. У крызісным стане – ты пачынаеш страчваць вялікія грошы”.

Атрымліваецца, што Беларусь выбрала гэтакі своеасаблівы шлях развіцця эканомікі: фондавага рынку ў нашай краіне няма, таму і сусветныя крызісы Сінявокую не закрануць. Адзіны дрэнны момант у такой сітуацыі – магчымасць падняць нацыянальную эканоміку з дапамогай фондавага рынку (як робяць у іншых краінах) мы не можам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі