Ахвотных стаць кандыдатам у прэзідэнты ўсё больш, ужо падаюць дакументы ў ЦВК

Ахвотных стаць кандыдатам у прэзідэнты ўсё больш, ужо падаюць дакументы ў ЦВК

У Цэнтрвыбаркам Беларусі падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп тры "кандыдаты пратэсту" — Вераніка Мішчанка, Анжэліка Жалезнякова і Аляксандр Грачышнікаў. Пра гэта ў Facebook паведаміў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Грачышнікаву 44 гады, ён з Мінска, ІП. Жалезняковай 53 гады, яна з Мінскага раёна, часова не працуе. Мішчанка — 52 гады, яна з Жлобінскага раёна, ІП.

Паводле слоў Статкевіча, гэта была "пробная падача на рэгістрацыю". Іншыя "кандыдаты пратэсту" пададуць дакументы 14 траўня. Мікалай Статкевіч нагадвае пра блогера Сяргея Ціханоўскага, які аб'явіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі і знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам у Гомелі, і дзясяткі іншых актыўных людзей. "Свабоду арыштаваным за праўду!", — піша палітык.

Раней заявілі, што збіраюцца паўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, былы кіраўнік беларускага Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, лідар "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў. Таксама пра такія ж планы заявілі індывідуальны прадпрымальнік з Мінска 51-гадовая Наталля Кісель. Яна — намеснік дырэктара транспартнай кампаніі па грузаперавозках. Палітычнага вопыту ў яе няма, паведамляе TUT.by. У відэазвароце пра намер паўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі заявіў фермер з Гомельскага раёна Юрый Ганцэвіч. Яму 44 гады. Ён падтрымлівае Сяргея Ціханоўскага, крытыкуе ўладу.

Пра прэзідэнцкія амбіцыі заявіў і індывідуальны прадпрымальнік, хрысціянскі дэмакрат Мікалай Арцюхоў. Ён таксама падтрымлівае Ціханоўскага, збіраецца весці кампанію за свае сродкі і ахвяраванні, а вось замежную падтрымку і падтрымку ўладаў ён прымаць не будзе. Спадзяецца і на Божую дапамогу. "Я — дзяржаўны чалавек. Ведаю гэтую дзяржаўную сістэму, працаваў у ёй і вельмі хачу зрабіць ёй аптымізец", піша Арцюхоў. Ён дае жорсткія ацэнкі некаторым іншым прэдэндэнтам (напрыклад, Андрэю Дзмітрыеву).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі