Затрыманых каля статуі мінскага гарадавога адпусцілі з міліцыі
![Затрыманых каля статуі мінскага гарадавога адпусцілі з міліцыі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/bahinskaja-0401.jpg.webp?itok=iiAHJq8Z)
Усіх затрыманых каля статуі гарадавога ў Мінску выпусцілі з РУУС Маскоўскага раёна, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Каля 18:50 адпусцілі Алену Талстую і Надзею Батуру, каля 19:30 — Максіма Клімковіча і Ніну Багінскую. На Багінскую і Талстую склалі адміністрацыйныя пратаколы.
Як распавядала Еўрарадыё, чатырох чалавек затрымалі сёння каля скульптуры гарадавога насупраць будынка МУС. Ніна Багінская прыйшла туды з адзіночным пікетам. Яна павесіла на статую плакат з патрабаваннем свабоды палітвязням. Пасля заўвагі міліцыянтаў жанчына зняла плакат са скульптуры і павесіла яго сабе на шыю.
Міліцыянты затрымалі яе і групу падтрымкі. Спярша затрыманых даставілі ў Цэнтральнае РУУС сталіцы, а потым перавезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.