Вы тут

Затрымлівалі праваабаронцу з Маладзечна Алеся Капуцкага

Алесь Капуцкі / З архіву "Рэгіянальнай газеты"

Затрыманы праваабаронца "Вясны" (пазбаўленага ў Беларусі рэгістрацыі праваабарончага цэнтра) з Маладзечна Алесь Капуцкі. Як паведамляе тэлеграм-канал @viasna96, сілавікі прыехалі за ім на працу. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Пазней стала вядома, што ў Капуцкага дома правялі ператрус, а яго самога павезлі ў Мінск. Ператрус і затрыманне праводзілі сілавікі са сталіцы.

Алеся Капуцкага вызвалілі.

Капуцкага міліцыянеры затрымлівалі ў снежні мінулага года, калі ён раздаваў у Маладзечне мінакам беларускамоўную Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Міліцыя палічыла яе... замежным друкаваным СМІ і склала пратакол. Але судзіць праваабаронцу не рашыліся, адміністрацыйную справу спынілі.

Цяперашняе затрыманне Алеся Капуцкага адбылося на наступны дзень пасля хвалі затрыманняў супрацоўнікаў "Вясны". Група вясноўцаў праходзіць па крымінальнай справе, іх прызналі палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.