Затрыманні на "Гродна Азоце"

Затрыманні на "Гродна Азоце"

На "Гродна Азоце" адбываюцца затрыманні работнікаў. "Учора затрымалі майго намесніка Валянціна Цераневіча, а сёння яго жонку проста з працы вырвалі для нейкіх следчых дзеянняў", — цытуе словы старшыні першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюза прадпрыемства Андрэя Ханевіча gazetaby.media. Паводле яго слоў, напярэдадні затрымалі двух сябраў страйкама "Гродна Азота" Андрэя Пагерылу і Уладзіміра Жураўко.

22 верасня затрыманні працягнуліся. Сілавікі схапілі майстра па рамонце абсталявання цэха "Аміяк-3" Рыгора Рубана, майстра змены таго ж цэха Дзмітрыя Ілюшчанку і машыніста помпавых установак цэха "Карбамід-2" Аляксея Сідара, які далучыўся да забастоўкі.

Таксама затрыманы Сяргей Шэлест, які працаваў апаратчыкам цэха "Аміяк-3". Восенню мінулага года ён абвясціў пра сыход у стачку. Па неафіцыйнай інфармацыі, Шэлест — у СІЗА КДБ.

Затрыманні адбываюцца, нягледзячы на няпростую сітуацыю з кадрамі на прадпрыемстве.

"Да мяне самога пакуль ніхто не прыходзіў, ніякіх прэтэнзій не прад'яўлялі, — кажа Ханевіч. — Магчымасці таго, што прыйдуць па мяне, я ніколі не выключаў. А як можна яе сёння выключаць?"

Прафсаюзны дзеяч падкрэсліў, што нікуды з'язджаць не збіраецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі