Вы тут

Затрыманне сям'і ў Мінску: "Сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ"

Каб трапіць у кватэру, міліцыя выкарыстала спецсродкі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Мінску ў Серабранцы затрымлівалі ўсю сям'ю Скаргаў. Як паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae, здарэнне адбылося ў суботу. Папярэдняя прычына зацікаўленасці міліцыі — налепка "Пагоня" на акне ў пакоі дачкі гаспадара кватэры Яны.

Па словах суседзяў, у момант прыходу міліцыянераў дома быў адзін бацька — Алег Скарга. Сілавікі адкрылі дзверы ў кватэру з выкарыстаннем спецсродкаў: "Выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ — так прымусілі адчыніць дзверы".

Жонка затрыманага Алега Скаргі Святлана Скарга паехала ў РУУС Ленінскага раёна, каб даведацца, што з яе мужам. Калі яна туды прыехала, яе таксама затрымалі. Міліцыянеры патэлефанавалі дачцэ Яне (яна ў той дзень здавала іспыт) з тэлефона Святланы і сказалі, што маці не выпусцяць, пакуль яна не прыедзе. Дзяўчына прыехала і была затрыманая. У гэты час яе маці павезлі на ператрус у кватэру.

Раніцай 20 чэрвеня Яна патэлефанавала знаёмай і папрасіла аб сустрэчы, каб забраць тэлефон. На сустрэчу пайшоў малады чалавек — Андрэй Ярошкін. Хлопца затрымалі міліцыянеры, якія былі на дамоўленым месцы сустрэчы.

21 чэрвеня прайшлі суды. Ярошкін асуджаны на 15 сутак. Справу Алега Скаргі адправілі на "дапрацоўку". 22 чэрвеня ён атрымаў 25 сутак арышту. Паводле папярэдняй інфармацыі, іншых членаў сям'і Скарга выпусцілі на свабоду.

Мінская міліцыя заявіла ў Telegram, што "газ супрацоўнікі міліцыі не выкарыстоўвалі". Пацверджаны адміністрацыйны арышт двух мужчын. Сцвярджаецца, што "жанчыны не затрыміваліся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.