Зась: трэба, каб у СМІ гучала беларуская мова, нашы песні, наша мастацтва

Зась: трэба, каб у СМІ гучала беларуская мова, нашы песні, наша мастацтва

Чыноўнікаў трэба заахвочваць да кантактаў са СМІ. Пра гэта сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась заявіў парталу TUT.by, каментуючы прынятую на мінулым тыдні канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Беларусі. 

"Любому чыноўніку трэба ўзгадняць з кіраўніцтвам сваё з'яўленне ў СМІ. А навошта? Трэба наадварот. Тое ж самае датычыць нашых навучальных устаноў, там жа шмат светлых галоў, якія могуць уцямна растлумачыць штосьці, што цікавіць грамадзтва. Але яны стрымліваюцца. Наадварот, трэба заахвочваць чыноўнікаў за зносіны са СМІ і прысутнасць у інфармацыйнай прасторы", — патлумачыў сваю думку чыноўнік.

Дарэчы, у канцэпцыі беларуская мова называецца "гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы". Зась дадае, што нацыянальная мова — адна з асноваў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі любога народа. 

"Вядома, няправільна весці гаворку пра тое, што мы цяпер будзем насаджваць беларускую мову. Але рабіць так, каб яна была папулярнай, моднай, асабліва сярод моладзі. Дарэчы, цяпер, на шчасце, наша моладзь пачынае паварочвацца да беларускай мовы і выкарыстоўваць яе ў гутарковай мове. І гэты шлях трэба прайсці, каб мы ўмацоўваліся як нацыя і як народ", — лічыць сакратар Савета бяспекі.

На яго думку, калі дзяржава будзе заахвочваць і культываваць моду на беларускую мову, тады з'явіцца і запыт на адукацыю па-беларуску. "Трэба пачынаць у той жа інфармацыйнай прасторы, каб у тых жа СМІ гучала беларуская мова, нашы песні, наша мастацтва прапагандавалася. І каб людзі, дзеці, дапусцім, лічылі модным наш беларускі нацыянальны касцюм", — дадае Зась.

Таксама ён лічыць неабходным больш актыўна асвятляць беларускую гісторыю, бо на гэты ёсць запыт у грамадстве. Для гэтага мусяць весціся дыскусіі, прыцягвацца гісторыкі з рознымі поглядамі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі