Зарэгістраваныя 94 ініцыятыўныя групы вылучэнцаў ад АДС

Па стане на раніцу 28 ліпеня зарэгістраваныя 94 ініцыятыўныя групы вылучэнцаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Двум прэтэндэнтам ад Партыі БНФ з розных прычынаў у рэгістрацыі было адмоўлена.
Усяго падавалі дакументы 98 чалавек. У спісе АДС пераважаюць прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 28 прэтэндэнтаў.

Столькі ж падавала на рэгістрацыю. Акрамя таго некаторыя прадстаўнікі АГП будуць дадаткова вылучаныя ад партыі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

“У нас зарэгістраваныя і цяпер працуюць амаль у 40 рэгіёнах 28 ініцыятыўных груп. Рэгістрацыю прайшлі ўсе. У нас 10 жніўня будзе з’езд, і некаторыя з іх, прыкладна 10-12 чалавек, атрымаюць магчымасць вылучэння праз партыйны механізм”.

Па колькасці ініцыятыўных груп на другім месцы — Партыя БНФ. На сённяшнюю раніцу былі зарэгістраваныя 22 “фронтаўцы” з 25.

12 чалавек з 13 ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Усе прадстаўнікі ПКБ — 18 партыйцаў — паспяхова прайшлі рэгістрацыю ў ЦВК.

 Яшчэ зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы 4 з 4 прадстаўнікоў Партыі працы, усе тры вылучэнцы ад жаночай партыі “Надзея” і сямёра з семярых прадстаўнікоў аргкамітэта па стварэнні “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”.

Варта дадаць, што сёння а 16-й гадзіне, верагодна, будуць зарэгістраваныя яшчэ 2 ініцыятыўныя групы — па адной ад Партыі БНФ і БСДП (Г). Такім чынам, колькасць вылучэнцаў можа павялічыцца да 96.

Фота: bymedia.net