Вы тут

"Зараз бы дакладна сядзеў": як участковы з'ехаў з Беларусі і стаў айцішнікам

Іван Колас / vk.com

12 жніўня ўчастковы інспектар Савецкага РАУС Гомеля Іван Колас запісаў відэазварот, у якім назваў Святлану Ціханоўскую прэзідэнтам і папрасіў калег не выкарыстоўваць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. На наступную ноч з-за пагрозы затрымання яму давялося з'ехаць за мяжу.

Цяпер Іван Колас у Варшаве. Ён асвойвае прафесію motion-дызайнера і вельмі хоча вярнуцца ў Беларусь, калі "сітуацыя зменіцца".

Вучылі, як са шчытамі разганяць людзей

Праз 20 хвілін пасля таго, як Іван Колас апублікаваў свой зварот, да яго дадому прыехала начальства. Міліцыянт дзверы не адчыніў –– скінуў форму, жэтон і пасведчанне з балкона. Пасля гэтага ля пад'езда стаў дзяжурыць аўтамабіль з сілавікамі.

–– Заставалася толькі з'язджаць. Я не планаваў ехаць за мяжу, гэта быў спантанны ўчынак. Уначы атрымалася вакольнымі шляхамі з'ехаць незаўважаным. Спачатку быў у Расіі, потым ва Украіне, цяпер вось ужо 5 дзён у Варшаве. Калі б не з'ехаў, то я б зараз дакладна сядзеў у СІЗА горада Гомеля, –– распавядае Еўрарадыё Іван.

13 жніўня Івана Коласа звольнілі –– палічылі яго відэазварот дысцыплінарнай правінай. У органах унутраных спраў малады чалавек прапрацаваў 5 гадоў.

–– Раней я не планаваў сыходзіць з міліцыі, разглядаў пазіцыі ўнутры сістэмы. Хоць, шчыра кажучы, было шмат пытанняў. Я маю на ўвазе стаўленне кіраўніцтва да супрацоўнікаў, супрацоўнікаў да грамадзян, гэтыя гісторыі пра ліпавыя пратаколы. Я заўсёды выступаў супраць такога. Але пасля выбараў зусім расчараваўся. Проста не чакаў такога гвалту. Перадумоў да гэтага не было, –– успамінае Іван.

–– Але вас жа, напэўна, рыхтавалі да пратэстаў, якія могуць быць пасля выбараў?

–– Так, за паўтара месяца да выбараў нас сталі збіраць кожны тыдзень, вазілі ў вайсковую частку і вучылі, як са шчытамі разганяць людзей, як лепш ударыць, затрымаць. Некаторым калегам гэта падабалася, гаварылі: "Ды мы іх усіх раскідаем", іншыя заяўлялі, што не будуць нікога біць.

Я ўжо тады быў супраць гэтага. Бачыў, колькі людзей выходзяць падтрымаць Ціханоўскую. І бачыў, як збіраліся подпісы за Лукашэнку: да нас у РАУС прыходзілі дзве дзяўчыны і проста бралі нашы пашпарты.

Акцыя пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё

Падабаецца, як ставяцца да супрацоўнікаў у IT-сферы

Супрацоўнікам унутраных спраў, па словах Івана, тлумачылі: "Калі ёсць пагоны –– трэба падтрымліваць уладу". Колас жа ў сваім відэа нагадаў калегам, што прысягу на вернасць сілавікі даюць "народу, а не Лукашэнку ці Ярмошынай". Былы ўчастковы прызнаецца, што многія калегі расцанілі яго ўчынак як здраду.

–– Яны проста не глядзяць на тое, што людзей білі, гвалтавалі... Я ж і не сказаў, што ўся міліцыя дрэнная. Проста папрасіў быць з народам.

Але ёсць, вядома, і тыя, хто падтрымлівае мяне, не ўсё ў міліцыі прасякнутыя гэтай страшнай ідэалогіяй. Я з імі кантактую. Некаторыя звярталіся да мяне, раіліся, куды звярнуцца пасля звальнення. Каля 10 знаёмых звольніліся, –– працягвае Іван.

Іван Колас зараз / ByChange

Аб сваім рашэнні Іван Колас не пашкадаваў. Праўда, вельмі сумуе па Беларусі і гатовы вярнуцца, як толькі "сітуацыя зменіцца". Зараз Іван асвойвае прафесію motion-дызайнера. Па дапамогу ён звярнуўся ў ініцыятыву ByChange

–– Хутка планую ўжо адпраўляць заяўкі на працу. Раней хацеў вярнуцца ў міліцыю, калі б можна было. Але цяпер перадумаў. Мне вельмі падабаецца, як ставяцца да супрацоўнікам у IT-сферы, як уладкованы працоўны час, –– прызнаецца былы ўчастковы.

У міліцыю Іван прыйшоў працаваць у 22 гады, пасля вучобы на педагагічным факультэце ў ГДУ імя Францыска Скарыны. Цяпер яму 27. Самы час знайсці сябе ў новым жыцці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.