Зарабіць улетку можна ад 700 тыс. рублёў да 6000 долараў

За паездку па праграме “Work and Travel” давядзецца заплаціць 720 долараў плюс дарога, консульскія зборы і банкаўскія пераводы. Аднак зарабіць можна пры жаданні больш чым 6000 долараў. БРСМ жа прапануе рэканструяваць Нацыянальны тэатр оперы і балета ці працаваць на будовах аб'ектаў да “Дажынак” за 700 тысячаў рублёў у месяц, ці паехаць у Расію будаваць чыгунку з заробкам у тысячу долараў. У беларускай філіі “Цэнтра міжнароднага абмена” Еўрарадыё паскардзіліся, што пасля зменаў заканадаўства ў галіне міжнародных праграмаў ад 2005 года стала цяжка.

Супрацоўнік “Цэнтра міжнароднага абмена”: "З 2005 года ў Беларусі змянілася заканадаўства наконт выдачы ліцэнзіяў на працаўладкаванне за мяжой. Таму з 2005 года ў беларускай філіі нашага цэнтра магчымыя толькі дзве праграмы: гэта праца на лета ў ЗША і курс англійскай мовы ў Англіі, але там няма права працы. Усе астатнія праграмы, якія прапануе наш цэнтр, у Беларусі не працуюць".

Праграма Work and Travel самая папулярная як у Беларусі, так і ў Расіі. На яе ў гэтым годзе ў Беларусі падалі дакументы каля 2500-3000 чалавек.

Найбуйнейшая афіцыйная арганізацыя БРСМ паехаць у Амерыку працаваць не прапануе, аднак свае варыянты працы на лета для студэнтаў таксама мае, у асноўным унутрыбеларускія. У мінулым годзе ў такіх будатрадах працавала 9000 чалавек, у гэтым плануецца набраць 11 тысячаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў камісар мінскага гарадскога штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Антон Самусенкаў:

Антон Самусенкаў: "БРСМ прапануе студэнцкія атрады па розных накірунках, такі як будаўнічыя атрады, педагагічныя – праца важатымі, сельскагаспадарчыя, экалагічныя, сервісныя работы... Сервісная – гэта праца афіцыянта, горнічнай, абслугоўваючага персаналу. У асноўным яны ўсе ў Беларусі, за мяжой у нас у асноўным педагагічныя летнікі. Гэта Анапа, Краснадарскі край, куды студэнты едуць працаваць важатымі".

Удзел у праграме Work and Travel каштуе 720 долараў, плюс дарога і консульскі збор. Калі вы хочаце, каб вам знайшлі працу – заплаціце яшчэ 150 долараў.

Удзел у будаўнічых атрадах БРСМа бясплатны, але прапануюць вам Беларусь, а тут будаўніцтва “Мінск-Арэны” ці аб’ектаў для Дажынак, альбо Расію – Краснадарскі край ці Ямала-Ненецкай акрузе, там можна папрацаваць піянер-важатым ці будаўніком чыгункі.

Колькі і дзе можна зарабіць?

Па мінулагодніх выніках праграмы Work and Travel апынулася, што для 16 % удзельнікаў укладзеныя ў праграму грошы не акупіліся. Аднак, хто хацеў, той зарабіў нават больш за 6000 долараў.

Супрацоўнік “Цэнтра міжнароднага абмена”: "9 % зарабіла ад 1 да 2 тысячаў долараў, 21 % - 2-3 тысячы, 9 % - 3-4 тысячы, 30 % - 4-5 тысячаў, 14 % - 5-6 тысячаў, 16 % – больш за 6 тысячаў".


У якасці піянэр-важатага асабліва вялікіх грошай не заробіш, па словах Антона Самусенкава, максімальныя заробкі ў летніках 250-300 тысячаў у месяц.

Антон Самусенкаў:
"Зарабіць можна ў будатрадах. Сярэдні заробак там – гэта тысячаў 700. У нас другі год запар будуецца аб’ект “Мінск Арэна”, Нацыянальны тэатр оперы і балета на рэканструкцыі. У Мінску будзе працаваць каля 50 будатрадаў".

Такім чынам, выбар заўжды ёсць. Рабіце яго самі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі