Вы тут

Замест кватэр — "каморкі": разбіраем фінты з аблігацыямі ЖК "Маяк Мінска"

Дом у ЖК "Маяк Мінска" / Еўрарадыё

Кампанія "Эмірэйтс Блю Скай", якая належыць блізкім да Лукашэнкі буйным забудоўшчыкам братам Карычам, нядаўна змяніла пералік закладзенай маёмасці ў выпусках аблігацый. У 29-м выпуску зменшылася колькасць закладзеных кватэр у комплексе "Мінск Свет", а ў 31-м у якасці закладу значацца... памяшканні для захоўвання ровараў у дамах "Маяка Мінска"!

Еўрарадыё папрасіла расшыфраваць такія рухі з каштоўнымі паперамі старшага аналітыка "Альпары Еўразія" Вадзіма Іосуба.

— Бываюць аблігацыі без закладу, калі кампанія кажа, маўляў, мы ў вас пазычаем грошы і даём слова гонару, што вернем, — тлумачыць аналітык. — А ёсць выпускі аблігацый, пад якія робіцца заклад: тым самым кампанія, якая прадае аблігацыі, паказвае, што "мы абяцаем грошы вам аддаць, але калі нешта здарыцца, то вось маёмасць, якая ў выпадку чаго будзе прададзена, і грошы ад продажу пойдуць на пагашэнне аблігацый". Зразумела, што пры наяўнасці такога закладу аблігацыі выглядаюць значна надзейнейшымі. Словам гонару і закладам можна дамагчыся больш, чым проста словам гонару.

Аналітык Вадзім Іосуб / Еўрарадыё

Аблігацыі добра выглядаюць да таго часу, пакуль у якасці закладу выстаўляецца ліквідная маёмасць, якую без асаблівых праблем можна прадаць. Закладныя кватэры ў аблігацыях кампаніі Карычаў памянялі на памяшканні для захоўвання ровараў — як гэта разумець?

— Калі ў якасці закладу выступаюць непрададзеныя кватэры, то зразумела, што гаворка ідзе пра досыць ліквідны заклад. За гэтымі аблігацыямі ў такім выпадку стаяць рэальныя гарантыі. Кватэры можна ператварыць у грошы, а грошы вярнуць у выпадку нейкіх даўгоў. Калі ж гаворка ідзе пра замену кватэр нежылымі памяшканнямі, то тут ужо трэба разбірацца, што гэта за памяшканні і наколькі яны ліквідныя.

Калі ў другім выпуску згаданых аблігацый маёмасць замяняецца на памяшканні для захоўвання ровараў, то гэта ўжо выклікае масу пытанняў, — сумняваецца аналітык. — Таму што, скажам шчыра, каму патрэбныя гэтыя памяшканні для захоўвання ровараў? Ці можна іх хоць камусьці прадаць або памяняць іх мэтавае прызначэнне? Груба кажучы, каму можа прыйсці ў галаву купіць каморку ў пад'ездзе? І вось атрымліваецца фокус: быў заклад ліквідны, які відавочна можна было прадаць, і тут яго мяняюць на магчыма неліквідны заклад. Фармальна ён мае нейкую ацэнку, але можа быць так, што прадаць яго не атрымаецца.

На першы погляд гэта выглядае як "развод" інвестараў — прынамсі, з пункту гледжання надзейнасці аблігацый.

ЖК "Маяк Мінска" / Еўрарадыё

Што за фокусы пад носам у дзяржавы? Гэта наогул законна?

— Фармальна яны маюць права памяняць на заклад не меншага кошту, — адказвае эксперт. — Тым больш выпуск аблігацый рэгіструецца ўладамі. Фармальна можна правесці такі трук.

Іншая рэч, што орган, які рэгіструе аблігацыі, якому-небудзь іншаму эмітэнту наўрад ці зацвердзіў бы такую замену закладу, разумеючы, што ліквідны заклад змяняецца на абсалютна неліквідны. Але мы ведаем пра прывілеяваны статус гэтай групы кампаній. Хутчэй за ўсё, паступіў беспасярэдні загад — зарэгістраваць такія змены. Ну і зарэгістравалі.

Трукі ад забудоўшчыка, які трапіў пад санкцыі, — ці значыць гэта, што ў кампаніі Карычаў справы ідуць не вельмі?

— У іх няма публічнай справаздачнасці, гадаць цяжка. Можна зрабіць здагадку, што ва ўмовах санкцый іх фінансавае становішча не стала лепшым, — лічыць Вадзім Іосуб. — Можа быць, упаў попыт на кватэры, якія яны будуюць, але гэта здагадка, якую лічбамі я пацвердзіць не магу.

Можа быць, убачылі імавернасць таго, што яны не змогуць гасіць свае аблігацыі і ў нейкі момант справа можа дайсці да дэфолту і неабходнасці расплачвацца закладзенай маёмасцю. І вось на такі выпадак яны зніжаюць для сябе рызыкі. У выпадку чаго яны ўжо не будуць прадаваць кватэры, а скажуць "ну вось ёсць памяшканні, няхай суд іх прадае і вяртае даўгі пакупнікам нашых аблігацый".

Аналітык упэўнены што такія "пасы рукамі" ў кожным разе будуць мець наступствы для кампаніі Карычаў.

— Нават калі заўтра кампанія вырашыць прадаць аблігацыі, забяспечаныя ліквідным закладам, то патэнцыйныя пакупнікі, ведаючы, што гэты заклад у любы момант можа змяніцца на незразумела што, дзесяць разоў падумаюць, перш чым іх купляць, або папросяць больш высокую працэнтную стаўку з большай даходнасцю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.